Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
26 мая 2025

Футбол: чэрвеньскі «Колас» прайграў, але застаецца ў групе лідараў чэмпіянату

Пасля чатырох запар перамог на старце рэгіянальнага этапу чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі чэрвеньскі «Колас» пацярпеў першае паражэнне.

Хатні матч з “Салігорскам” ад пачатку не абяцаў быць лёгкім для нашых. Ён стаў працягам прынцыповага супрацьстаяння паміж чэрвеньцамі і салігарчанамі ў чэмпіянаце і Кубку Міншчыны, якое назіраецца некалькі апошніх сезонаў.

Да нядаўняга часу галоўным апанентам нашых футбалістаў быў тамтэйшы “Партызан”. А пасля таго, як названы клуб гэтай вясной спыніў сваё існаванне, яго нішу заняў “Салігорск”, у складзе якога – значная колькасць былых “партызанаў”.

Да вочнай дуэлі ў Чэрвені каманды падышлі з максімальным багажом ачкоў – па дванаццаць. У “Салігорска” была крыху лепшая розніца забітых-прапушчаных мячоў, за кошт чаго ён апярэджваў “Колас” у турнірнай табліцы.

Зрэшты, на дадзеным этапе спаборніцтваў гэтая акалічнасць не мае вялікага значэння, паколькі, паводле рэгламенту, у плэй-офф чэмпіянату Міншчыны з групы “А” напрамую выходзіць чатыры каманды. Хаця, канешне ж, лідарства ў спаборніцтвах – дадатковы маральны стымул. 

Што да “Коласа”, то для яго яшчэ адным стымулам паказаць у гульні з “Салігорскам” станоўчы вынік было тое, што менавіта ў суботу юбілейны дзень нараджэння адзначаў галоўны трэнер Дзяніс Трапашка. Перад матчам ён атрымаў ад каманды цёплыя словы віншавання і падарункі, але, безумоўна, усе думалі пра галоўны падарунак – перамогу над сапернікам.

Пачатак гульні даваў усе падставы для аптымізму. Нашы са стартавым свістком захапілі гульнявую ініцыятыву і ўжо на адзінаццатай хвіліне адкрылі лік. Іван Бутэнас з правага флангу навесіў у штрафную пляцоўку, мяч зрыкашэціў ад іграка “Салігорска” і, бы на сподачку, выкаціўся проста ў ногі Сяргею Лізунову, які з блізкай адлегласці скіраваў яго ў вароты. Але, як кажуць, нядоўга музыка іграла. Праз дзевяць хвілін атака гасцей левым флангам скончылася ўзяццем варот Уладзіміра Пяцігорца.

Пасля прапушчанага мяча чэрвеньцы адышлі ў абарону і далі магчымасць сапернікам перахапіць ініцыятыву. Суцэльным жахам для “Коласа” сталі апошнія дзве хвіліны першага тайма. Спачатку “Салігорск” выйшаў наперад, а ўжо ў дададзеную хвіліну наш абаронца Мікалай Івашкін атрымаў чырвоную картку за фол “апошняй надзеі”.

Гуляючы ўвесь другі тайм удзесяцёх, чэрвеньцы мелі няшмат шанцаў для ўзяцця варот “Салігорска”. Напрыканцы сустрэчы Дзяніс Трапашка вырашыў рызыкнуць, замяніўшы абаронцу Аляксандра Мінко на нападаючага Віктара Кліміхіна. На жаль, параўнаць лік не ўдалося, а салігарчане, скарыстаўшы хібы ў нашай абароне, у апошнія пяць хвілін гульні забілі яшчэ два мячы. Той выпадак, калі лік – не па гульні, але гульня забудзецца, а лік застанецца ў статыстыцы.

Пасляматчавы каментарый галоўнага трэнера “Коласа” Дзяніса Трапашкі:

– На жаль, пры фарміраванні саставу на матч з “Салігорскам” мы сутыкнуліся з кадравымі праблемамі ў лініі атакі. Старая траўма не дазволіла выйсці на поле Яўгену Смалю, прыхварэў Аляксандр Красноў. А менавіта гэтыя ігракі мелі салідную сумарную статыстыку забітых мячоў і выніковых перадач у папярэдніх сустрэчах. Таму колькасць створаных небяспечных момантаў ля варот салігарчан была не такой вялікай, як хацелася б.

Першыя паўгадзіны матча мы правялі на даволі высокім узроўні, адкрылі лік. Але потым на некалькі хвілін згубілі канцэнтрацыю, што ў гульні з сапернікамі, якія трэніруюцца пяць разоў на тыдзень, нібыта прафесійная каманда, і прывяло да сумных наступстваў: два прапушчаныя мячы, выдаленне… Лічу, што мы прайгралі гэты матч ужо ў канцоўцы першага тайма. Пасля перапынку хлопцы стараліся штосьці змяніць, але ўдзесяцёх супрацьстаяць такому сур’ёзнаму саперніку было цяжка.

– Склалася адчуванне, што праз паўгадзіны гульні ў нашых ігракоў ужо не хапала сіл падтрымліваць тэмп «Салігорска»…

– …Справа ў тым, што ў нас было шмат страт мяча, з-за чаго ўсёй камандзе даводзілася вяртацца ў абарону. Зразумела, што, калі ты ўвесь час бегаеш туды-назад, сіл гэта не прыбаўляе…

– Не шкадуеце, што напрыканцы гульні замянілі абаронцу на нападаючага, і ў выніку «Колас» прайграў з разгромным лікам?

– Вялікага шкадавання няма, бо, калі ёсць хоць нейкі шанц паспрабаваць выратаваць гульню, то яго варта выкарыстоўваць. Іншая справа, што нам забіць не ўдалося, а госці свае галявыя моманты выкарысталі па максімуму.

– Наступны сапернік “Коласа” – капыльская “Бабоўня”. Якія думкі напярэдадні матча з ёй?

– Гуляем на выездзе, ды яшчэ на полі невысокай якасці. Думаю, што ў гэтым матчы будзе мала ўласна футбола, а будзе шмат барацьбы. З-за выдалення Мікалая Івашкіна, які прапусціць гульню, давядзецца рабіць перастаноўкі ў абароне. Не дапаможа нам і Яўген Смаль, якому яшчэ патрэбна мінімум тры тыдні на ўзнаўленне. Але рукі не апускаем. Канешне ж, будзем настройвацца на тое, каб прывезці з Капыля тры ачкі.

На матч з “Бабоўняй” “Колас” выправіцца 25 мая. Гульня ў Капылі пачнецца ў 17 гадзін.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара і Кіры Шмідавай

“КОЛАС” (Чэрвень) – “Салігорск” – 1:4.
17 мая. Чэрвень. Стадыён ДЮСШ. 150 гледачоў.
“Колас”: Пяцігорац, Івашкін, Весялоў, Джугір, Мінко (Кліміхін, 84), Купрэйчык (Багданаў, 75), Завадскі, Бутэнас (Герасёў, 46), Сіманчык (Дзямчук, 75), Арлоўскі, Лізуноў (Шугункоў, 65).
Гол у “Коласа”: Лізуноў (11).

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс