Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
12 мая 2025

Футбол: чэрвеньскі «Колас» працягвае перамагаць

Пасля ўдалага старту ў рэгіянальным этапе чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі футбалісты чэрвеньскага «Коласа» здабылі ў гэтых спаборніцтвах яшчэ дзве перамогі.

Пачатак гасцявога матча другога тура з фізкультурна-спартыўным клубам “Слуцк” разгортваўся для нашых практычна па сцэнарыю першай гульні з жодзінскай “Ракетай”. “Колас” адкрыў лік з пенальці ў выкананні Яўгена Смаля на 5-й хвіліне сустрэчы, а на 31-й перавагу чэрвеньцаў падвоіў Сяргей Лізуноў. Неўзабаве пасля перапынку вызначыліся Аляксандр Красноў і Сяргей Лізуноў, а потым Лізуноў рэалізаваў пенальці. Гаспадары поля здолелі забіць толькі аднойчы. 5:1 – перамога “Коласа”.

Праз тыдзень адбылося ўрачыстае адкрыццё новага футбольнага сезона ў Чэрвені. За гадзіну да матча “Колас” – “Клецк” уліў ладны дождж, але непасрэдна перад гульнёй і падчас яе свяціла сонейка, так што свята для балельшчыкаў і футбалістаў, якое было аздоблена выступленнем самадзейных артыстаў устаноў культуры і адукацыі, а таксама здымкамі тэлеканала “Беларусь-5”, адбылося.

Усіх, хто сабраўся на стадыёне Чэрвеньскай ДЮСШ, прывітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Навіцкі. Ён пажадаў ігракам абедзвюх каманд удалага сезону, а юным футбалістам – сталець, мацнець і развіваць свае футбольныя здольнасці, каб годна прадоўжыць слаўныя традыцыі старэйшых.

Старшыня федэрацыі футбола Мінскай вобласці Алег Чыкун у прывітальным слове нагадаў, што “Колас” – дзеючы чэмпіён прысталічнага рэгіёна. Ён падкрэсліў, што наша каманда ў мінулым сезоне, прадэманстраваўшы яскравы футбол, заслужана заваявала залатыя медалі і пажадаў паспяхова абараніць чэмпіёнскі тытул.

Залішне казаць, што ў такой святочнай атмасферы і пры такой падтрымцы балельшчыкаў “Колас” проста не мог згуляць дрэнна. Першы мяч уляцеў у вароты “Клецка” ўжо на шостай хвіліне матча. Яўген Смаль з правага флангу зрабіў навес у штрафную пляцоўку гасцей, і Аляксандр Красноў скіраваў мяч у сетку. А на 15-й хвіліне гульні лік стаў 2:0 на карысць “Коласа”: пасля падачы Яўгенам Смалем вуглавога ігрок “Клецка” зрэзаў мяч ва ўласныя вароты.

Інтрыга ў гульні адрадзілася незадоўга да перапынку. З-за памылкі ў абароне ля варот Вячаслава Камінскага ўзнік адзін з нешматлікіх небяспечных момантаў: выхад іграка гасцявой
каманды сам-насам з нашым галкіперам завяршыўся трапным ударам – 2:1.

У перапынку адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў конкурсу прагназістаў-2024, які праводзіўся ў групе “Чэрвеньскі футбол” УКантакце. Дырэктар інтэрнэт-магазіна vsekazani.by Павел Гавароўскі ўручыў прызы Алёне Паўловіч, Дзянісу Галавенчыку, Аляксандру Бураму і Анатолю Шманаю.

“Колас” магутна правёў пачатак другога тайма. Менш за дзесяць хвілін спатрэбілася нашым ігракам, каб падвоіць перавагу ў ліку. Спачатку дасягнуў мэты дальні ўдар Аляксандра Мінко, які падхапіў адбіты галкіперам “Клецка” мяч пасля навесу Яўгена Смаля. А потым усё той жа Смаль зрабіў навясную перадачу ва варатарскую пляцоўку, і Аляксандр Красноў у адзін дотык скіраваў мяч у вароты.

На працягу другога тайма чэрвеньцы яшчэ неаднойчы мелі шанцы забіць, але лік 4:1 пратрымаўся на табло да фінальнага свістка.

Каментарый галоўнага трэнера “Коласа” Дзяніса Трапашкі:

– Перамога цалкам заслужаная. Што тычыцца гульні, то яна падзялілася на адрэзкі. У першую чвэрць гадзіны мы стварылі вельмі шмат небяспечных момантаў. Маглі забіваць чатыры-пяць мячоў.

Што тычыцца прапушчанага мяча… У кожнай гульні ў любога саперніка здараюцца шанцы забіць. Госці такі свой першы шанц выкарысталі. Але нашы ігракі выдатна выканалі трэнерскую ўстаноўку на пачатак другога тайма: хутка вырашылі ўсё на сваю карысць, забіўшы два мячы.
Чаму не атрымалася забіць больш? Мабыць, спрацавала псіхалогія: пры ліку 4:1 у ігракоў на падсвядомым узроўні “ўключыўся” рэжым эканоміі сіл. Гэта той момант, над якім нам трэба працаваць. Бо ў наступных гульнях будуць сапернікі, якія не дадуць расслабіцца ні на хвіліну.

– Ведаю, што ў заяўку на матч з “Клецкам” патрапілі не ўсе ігракі, якія гатовыя былі выйсці на поле. Для трэнера, мабыць, гэта галаўны боль: абраць васямнаццаць футбалістаў з больш чым двух дзясяткаў?

– Такая трэнерская доля. Спадзяюся, што хлопцы ставяцца да падобнай сітуацыі з разуменнем. Пры гэтым я разлічваю на ўсіх, хто ёсць у абойме. І ў кожнага будзе шанц сябе праявіць.

– Вынікі першых трох гульняў наводзяць на думку, што ў “Коласа” сёлета даволі спрыяльны каляндар гульняў…

– …Так. Азіраючыся назад, можна сказаць, што гэта была размінка. А зараз пачнуцца гульні з прамымі канкурэнтамі за чатыры пуцёўкі ў наступную стадыю спаборніцтваў. На іх трэба сур’ёзна настройвацца не толькі фізічна, але і псіхалагічна. І тады, я перакананы, усё ў нас атрымаецца.

10 мая “Колас” згуляе ў Барысаве матч чацвёртага тура чэмпіянату. Сапернік – мясцовая “Гайна-1997”. Пачатак сустрэчы – у 12 гадзін.

Больш фота тут

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

ФСК “СЛУЦК” – “Колас” (Чэрвень) – 1:5.
1 мая. Слуцк. Стадыён дзяржаўнага каледжа.
“Колас”: Камінскі (Пяцігорац, 59), Івашкін (Шмідаў, 79), Весялоў, Джугір, Герасёў (Кастэнка, 59), Купрэйчык, Бутэнас (Сацукевіч, 59), Дзямчук (Кліміхін, 59), Смаль (Трапашка, 79), Красноў, Лізуноў.
Галы ў “Коласа”: Смаль (6 – з пенальці), Лізуноў (31, 54, 64 – з пенальці), Красноў (48).

“Колас” (Чэрвень) – “Клецк” – 4:1.
4 мая. Чэрвень. Стадыён ДЮСШ.
“Колас”: Камінскі, Івашкін, Весялоў, Джугір, Мінко, Купрэйчык (Герасёў, 73), Завадскі (Бутэнас, 66), Сіманчык (Арлоўскі, 53), Смаль (Шугункоў, 66), Красноў (Дзямчук, 66), Лізуноў (Кліміхін, 73).
Галы ў “Коласа”: Красноў (6, 53), Мінко (50), аўтагол (15).

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс