Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
01 марта 2017

Свята вёскі ў Чарнаградзі

У апошнюю суботу лютага Чарнаградзь падхапіла мінулагоднюю эстафету святкавання Дня вёскі ў раёне. Свята супала з юбілеем населенага пункта - 200-годдзем з дня заснавання і з провадамі зімы. Гасцей у фае Дома культуры за столікам з прысмакамі сустракалі дзве кумы і пад вясёлую музыку частавалі квасам.

Гэтыя дзве кумы - Алена Пракаповіч і Валянціна Савічава з жартамі і прымаўкамі правялі ўсё свята. Людзей завітала шмат, давялося нават лаўкі дастаўляць.

Урачыстасць адкрыла старшыня Валявацкага сельвыканкама Алена Чыканоўская. Яна павіншавала ўсіх і адзначыла, што ў вёсцы жывуць працавітыя, таленавітыя, гасцінныя людзі.

Удзельнікаў свята вабілі выставы вырабаў народных умельцаў, майстрых, гаспадынь. На іх - вышываныя абрусы, рушнікі, сурвэткі, вырабы з дрэва, мяккія цацкі, разнастайная выпечка. Адных толькі бліноў, прыгатаваных па розных рэцэптах, было больш за два дзесяткі! Усе жадаючыя мелі магчымасць паласавацца імі.

Лідзія Шчацінка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ад імя раённага выканаўчага камітэта павіншавала прысутных са святам, падзякавала за працу, за захаванне добрых нацыянальных традыцый, выказала задавальненне тым, што мерапрыемства не пакінула раўнадушным ніводнага жыхара вёскі.  Яна адзначыла, што прынята распараджэнне старшыні райвыканкама аб правядзенні і ў гэтым годзе святаў вёскі.

Лідзія Аляксандраўна пажадала ўсім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту сем'ям, цяпла і ўтульнасці ў дамах. Яна ўручыла загадчыку Чарнаградскага сельскага Дома культуры Алене Снытковай камп'ютар (на здымку) з нагоды таго, што менавіта гэтая ўстанова культуры стала лепшай у раёне па выкананню пазабюджэтных паслуг.

Былая настаўніца  Аляксандра Іванаўна Худавец (на здымку) жыве ў вёсцы з 1961 года. Яна прыгадала, якой была вёска напачатку 60-х гадоў і якой стала зараз. Вёска спадабалася ёй добрымі і працавітымі людзьмі. Таму і замуж тут выйшла, нарадзіла пяцёра дзяцей. (Гэтыя яе словы сустрэлі  дружнымі апладысментамі). 

Прыгадала Аляксадра Іванаўна былых кіраўнікоў калгаса імя М.Фрунзе: Мар'яна Вікенцьевіча Бобрыка (на жаль пайшоў з жыцця), Мікалая Міхайлавіча Шыфрына (які ўдзельнічаў у свяце). Пад кіраўніцтвам гэтых заслужаных людзей вёска прыгажэла і развівалася. Зараз тут ёсць магазін, ФАП, добрыя дарогі.

Падчас свята ўшанавалі старэйшую жыхарку вёскі  Надзею Харытонаўну Цішчанка, ёй селета спаўняецца 89 гадоў.

Вельмі цікава і з гумарам віншавалі сям'ю Рэгіны  Фёдараўны і Пятра Ігнацьевіча Пачасуй (на здымку), якія 57 гадоў крочаць разам па жыцці. Удзельнікам свята задавалі пытанні пра сям'ю: колькі маюць дзяцей, унукаў, праўнукаў, які агульны ўзрост усіх нашчадкаў сям'і. Той, хто у зале дакладна адказваў на пытанне, атрымліваў пад агульны смех і апладысменты жартоўны прыз.

Ушанавалі сям'ю Ірыны Вікенцьеўны і Алега  Мар'янавіча Ястрэмскіх. У гэтым годзе ў іх сярэбранае вяселле.

А для самай маладой сям'і Балоціных - Кацярыны і Віктара прыгатавалі шэраг жартоўных выпрабаванняў: ці добра ведаюць педагогіку,  дзіцячыя казкі і шмат іншага.

Дарэчы, пра казкі. Адну з іх - "Курочка ряба" - самадзейныя артысты прадэманстравалі ў новай інтэрпрэтацыі. Да агульнай весялосці дзеда абралі з зала - маладога хлопца. А мышкай была дзяўчына, якая не толькі яйкі разбіла, але і дзеда  хацела ад бабы звесці.

Са словамі віншавання да ўдзельнікаў свята звярнуўся дырэктар ААТ "Валевачы" Андрэй Грыцкевіч (на здымку). Ён адзначыў, што вельмі радуе тое, што ў зале шмат дзетак. Будучыня ёсць. Не за гарамі той час, калі трэба будзе школу ў вёсцы будаваць. Андрэй Сяргеевіч падзякаваў ветэранам за шматгадовую добрасумленную працу, за тое, што прыклалі шмат намаганняў, каб цяперашняе пакаленне жыло лепш. Ён уручыў падарункі ветэранам: Уладзіміру Архіпавічу Бандарыку, Надзеі Мікалаеўне Бандарык, Ніне Аляксандраўне Заголька, Зінаідзе Фёдараўне Заголька, Васілю Мікалаевічу Зылю, Зінаідзе Пятроўне Зыль, Таісіі Васільеўне Зыль, Марыі Міхайлаўне Кавалевіч, Ніне Васільеўне Казлоўскай, Вікенцію Васільевічу Круку, Ганне Васільеўне Марціновіч, Канстанціну Якаўлевічу Марціновічу, Валянціне Мікалаеўне Марціновіч, Людміле Кірылаўне Раманёнак, Марыі Іосіфаўне Русецкай, Міраславе Мікалаеўне Трыпуз, Ганне Мікалаеўне Шумко, Галіне Мікалаеўне Шыфрыной і былому кіраўніку калгаса імя М.Фрунзе Мікалаю Міхайлавічу Шыфрыну, які 32 гады адпрацаваў у гаспадарцы. Ён даў наказ дырэктару, каб была добрая спартыўная пляцоўка, футбольнае поле.

Алена Чыканоўская ўручыла Граматы ўсім удзельнікам конкурсу: Марыі Кавалевіч, Тані Прахарэнка, Марыі Кахненка, Марыі Мацак, Ніне Чубянок - за вышыўку; Людміле Раманёнак, Ніне Чубянок, Галіне Бачыла, Валянціне Савічавай - за выпечку, Аляксандру Пагерніцкаму - за разьбу па дрэве, Каці Бачыла і Анастасіі Манулік - за мяккія цацкі.

Удзел у свяце прымала і старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік, падзякавала за добра арганізаванае мерапрыемства і ўручыла старшыні сельвыканкама Алене Чыканоўскай кветкі. Словы падзякі прагучалі і ў адрас Андрэя Грыцкевіча, дырэктара гаспадаркі, і загадчыка клуба Алены Снытковай. Усе арганізатары свята, удзельнікі  самадзейнасці атрымалі Падзякі Чарнаградскага сельскага Дома культуры з нагоды 200-гадовага юбілею вёскі Чарнаградзь за творчае натхненне і асабісты ўклад у развіццё культурнай спадчыны: кіраўнік ансамбля народнай песні "Скарбніца" Аляксандр Вавілаў, салісты: Таццяна Аўчыннікава, Пётр  Сарока, Сяргей Русецкі, Андрэй Чубянок, Дар'я Кандраценка і танцавальны калектыў вучаніц Грабёнскай школы.

А затым - гуляла Масленіца. На двары Дома культуры ладзілі конкурсы, працававаў гандаль. У продажы - шашлык, разнастайныя прысмакі і напоі. Жадаючыя мелі магчымасць праехаць на кані. Напрыканцы свята спалілі чучала Масленіцы, якое ўяўляла сабой усё негатыўнае, што разам са спаленым чучалам павінна пайсці з жыцця людзей.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.cherven.gov.by/ru/novosti-rajona/item/2504-svyata-vyoski-%D1%9E-charnagradzi.html#sigProIdff1156a1b7

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс