Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
31 октября 2024

Футбол: чэрвеньскі «Колас» завершыць чэмпіянат Беларусі трыма матчамі

У мінулую нядзелю ў Салігорску адбыўся паўторны матч 1/4 фіналу чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі паміж мясцовым “Партызанам” і чэрвеньскім “Коласам”. Нічыйны вынік вывеў у паўфінал гаспадароў поля.

Мінімальнае паражэнне ад “Партызана” тыднем раней у Чэрвені – 0:1 – рабіла першачарговую задачу для “Коласа” гранічна празрыстай: параўнаць лік па суме дзвюх сустрэч. Аднак у першым тайме ўсё пайшло не па яго сцэнарыю. Ужо на 16-й хвіліне матча вызначыліся салігарчане. Шмат каму падалося, што яны забівалі мяч са становішча па-за гульнёй. Нашы ігракі нават спрабавалі спрачацца з рэферы. І толькі дэталёвы прагляд відэазапісу пасля фінальнага свістка пацвердзіў, што галоўны арбітр меў падставы, каб залічыць гол.

Яшчэ ў больш складанае становішча “Колас” паставіў сябе пасля таго, як на 31-й хвіліне, захапіўшыся штурмам варот саперніка, нашы ігракі прапусцілі імклівую контратаку “Партызана”, якая завяршылася дакладным ударам па варотах Уладзіміра Пяцігорца. Лік стаў 2:0 на карысць гаспадароў поля і 3:0 – па суме двух матчаў.

Да перапынку чэрвеньцы спрабавалі змяніць ход гульні, але сапраўдныя характар і волю яны паказалі ў другім тайме.

Шмат у чым дапамог нашым паверыць у свае сілы выхад на замену адразу ж пасля аднаўлення гульні шматвопытнага нападаючага Аляксея Хадневіча. Усяго пяць хвілін знаходжання на полі спатрэбілася яму, каб размачыць вароты «Партызана». Атрымаўшы навясную перадачу з цэнтра поля ад Дзмітрыя Асіпенкі, Аляксей увайшоў у штрафную пляцоўку, па-майстэрску разабраўся з двума сапернікамі і ў “блізкім баі” перайграў галкіпера. А яшчэ праз дзве хвіліны “Колас” параўнаў лік. Ігрок “Партызана” сфаліў на Аляксею Хадневічу, Ілья Казлоўскі навесіў мяч у штрафную пляцоўку, і капітан чэрвеньцаў Дзмітрый Асіпенка галавой пераправіў яго ў вароты – 2:2.

Нашым заставалася адыграць адзін мяч, каб згуляць унічыю па суме двух матчаў і вызначыць пераможцу ў серыі пенальці. Але салігарчане літаральна зубамі ўчапіліся ў спрыяльны для іх вынік, выбіваючы мяч на аўт, цягнучы час іншымі магчымымі спосабамі. І свайго дамагліся.

Такім чынам, “Колас”, хаця і не прайграў у Салігорску, але саступіў “Партызану” шлях у паўфінал па суме дзвюх гульняў – 2:3. Аднак на гэтым футбольны сезон для нашай каманды не скончыўся: “Колас” працягне барацьбу за 5-8 месцы ў чэмпіянаце. Наперадзе – двубой са сталічнымі “Крумкачамі”.

Першы матч чэрвеньцы правядуць ужо сёння ў Мінску, на стадыёне “РЦАР-БДУ”. Пачатак – у 15.30. Сустрэча ў адказ адбудзецца праз тыдзень у Чэрвені. Затым у адным матчы, гаспадара якога вызначыць жараб’ёўка, пераможцы пар “Крумкачы” – “Колас” і “Дняпро” (Рагачоў) – “Гомель-2” разыграюць 5-6 месцы, а прайграўшыя – 7-8 месцы.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс