Мінулымі выхаднымі ў спартыўным комплексе “Ігумен” Чэрвеньскай ДЮСШ прайшоў традыцыйны турнір па міні-футболу памяці футбольнага трэнера Яўгена Вараб’я.
На першым этапе спаборніцтваў на пляцоўку спартыўнага комплексу “Ігумен” выходзілі сем каманд – “РАУС”, “Леў”, “Вартавыя Міншчыны”, а таксама “Вікторыя” (Мар’іна Горка), клуб аматараў футбола “Смілавічы”, “ДЮСШ” і каманда ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
У суботу каманды спаборнічалі ў дзвюх групах. З групы “А” ў фінал прабіліся “Вікторыя” і КАФ “Смілавічы”, з групы “Б” – “РАУС” і “Леў”.

У нядзелю два паўфінальныя матчы скончыліся з аднолькавым лікам – 3:1. “Вікторыя” перамагла каманду “Леў”, а КАФ “Смілавічы” – “РАУС”. Няўдачу ў паўфінале ігракі “Льва” кампенсавалі выніковай гульнёй у матчы за трэцяе месца, дзе без асаблівых праблем разабраліся з “РАУС” – 6:3.

У фінале спаборніцтваў “Вікторыя” перайграла КАФ “Смілавічы” – 3:1.

Футбалісты, каманды якіх занялі першае, другое і трэцяе месцы, атрымалі медалі, а самі каманды – кубкі. Памятныя прызы ўручылі лепшаму іграку турніру Эмілю Лебедзеву (“Леў”), лепшаму варатару Віталю Маслаку (“Вікторыя”), лепшаму абаронцу Паўлу Клімовічу (КАФ “Смілавічы”), лепшаму бамбардзіру Сяргею Лізунову (“Вікторыя”). Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Андрэю Сушу (КАФ “Смілавічы”). Асобнымі прызамі адзначылі самага маладога іграка Рамана Шчурко (КАФ “Смілавічы”), ветэрана футбола Сяргея Купровіча, а таксама Уладзіміра Хурсіка (“РАУС”).
Ігар АДАМОВІЧ

