Паспяхова пераадолеўшы групавы бар’ер фінальнага этапу чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі, чэрвеньскі «Колас» воляю лёсу сустрэўся ў чвэрцьфінале са сваім галоўным апанентам – салігорскім «Партызанам».
Выхаду чэрвеньцаў у плэй-оф папярэднічала цяжкая барацьба на групавым этапе. Да апошняга было невядома, ці заваюе “Колас” пуцёўку ў наступны раўнд спаборніцтваў. Пасля дзвюх хатніх нічыіх, 1:1 з “Гомелем-2” і 0:0 з “ГОЛХУ” (Гомель), нашай камандзе ў выязным матчы з “Асіповічамі” патрэбна была толькі перамога.
Дзякуй Богу, усё атрымалася. У Асіповічах “Колас” пераканаўча перайграў апанентаў. Лік у сустрэчы на 26-й хвіліне адкрыў Іван Бутэнас, а за дзве хвіліны да перапынку Ілья Завадскі падвоіў галявую перавагу чэрвеньцаў. Праўда, пасля перапынку нашы прымусілі пахвалявацца сваіх шматлікіх заўзятараў, для якіх быў арганізаваны выезд на гульню. Спачатку падчас адной з атак “Асіповічаў” абаронца Мікалай Івашкін, спрабуючы выбіць мяч, выпадкова скіраваў яго ва ўласныя вароты, а неўзабаве чырвоную картку за грубую гульню атрымаў Аляксандр Каралёў. Але і ўдзесяцёх чэрвеньцы здолелі давесці матч да перамогі, якую замацаваў трапны ўдар Яўгена Смаля на 87-й хвіліне сустрэчы – 3:1.
“Колас” набраў у групе “Г” 5 ачкоў, столькі ж, колькі і “Гомель-2”. За кошт лепшай агульнай розніцы забітых і прапушчаных мячоў, першымі сталі гамяльчане. Чэрвеньцы занялі другое месца і ў чвэрцьфінале трапілі на мацнейшую каманду групы “В” – салігорскі “Партызан”.

За апошнія два гады лёс зводзіў нашых футбалістаў з гарнякамі ажно шэсць разоў. Летась каманды двойчы сустракаліся ў чэмпіянаце Міншчыны. “Колас” перамог дома – 1:0 і ў гасцях – 2:1. “Партызан” узяў рэванш у чэрвеньцаў у фінале Кубка вобласці – 4:2. Сёлета нашы, наадварот, двойчы саступілі салігарчанам на групавым этапе рэгіянальнага чэмпіянату (1:5 на выездзе і 1:3 на сваім полі), затое ў матчы за залатыя медалі адолелі “Партызан” па пенальці пасля нулявой нічыёй у асноўны час гульні. Такім чынам, за названы перыяд вынік супрацьстаяння атрымаўся нічыйным – па тры перамогі.
Што да чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі, то менавіта “Партызан” – мінулагодні пераможца гэтых спаборніцтваў. У статусе чэмпіёна трэцяга па моцы футбольнага дывізіёну краіны ён і завітаў мінулай суботай у Чэрвень. Ад пачатку прагназавалася, што каманды наўрад ці будуць гуляць, не азіраючыся на свае вароты. Ход падзей на полі гэта пацвердзіў. Гульня шмат у чым нагадвала сёлетні фінал чэмпіянату вобласці, падчас якога ні “Колас”, ні “Партызан” не здолелі выявіць мацнейшага ў асноўны час. Аднак гэтым разам адзіная сур’ёзная памылка чэрвеньцаў у абароне каштавала ім вельмі дорага.

На 26-й хвіліне матча падчас атакі “Партызана” Мікалай Івашкін, перахапіўшы мяч, паспрабаваў згуляць наперад, але зрабіў недакладную перадачу. У выніку ўзнікла небяспечная сітуацыя ля нашых варот, якая завяршылася голам. Адкрыўшы лік, госці пачалі гуляць у абароне яшчэ больш строга і не дазволілі нашым адыграцца.
Пасляматчавы каментарый галоўнага трэнера “Коласа” Дзяніса Трапашкі:
– Ставіў перад камандай задачу – гуляць на перамогу. На жаль, якасць поля не дазваляла як след кантраляваць мяч. У такіх умовах разлік на хуткія атакі не спрацаваў, ды і вопытныя ігракі “Партызана” стварылі нам шмат праблем.
– Як можаце пракаментаваць сітуацыю, у якой “Колас” прапусціў адзіны мяч?
– На жаль, Мікалай Івашкін, дзеяннямі якога на полі я ў цэлым задаволены, у эпізодзе, які папярэднічаў голу ў нашы вароты, не выканаў трэнерскую ўстаноўку – згуляць прасцей. Там не трэба было захоўваць мяч, бо ён нязручна клаўся на нагу, і рызыка недакладнай перадачы была вялікай…
– Якія думкі наконт матчу ў адказ? Будзе цяжка, будзе вельмі цяжка, ці ёсць іншыя варыянты?
– Лёгка не будзе – дакладна. “Партызан” згуляе на сваім полі, дзе рэгулярна трэніруецца. Плюс на яго баку – перавага ў ліку пасля першай сустрэчы, што дае магчымасць сапернікам абраць тактыку “ад абароны”. Але мы не апускаем рукі. У хлопцаў ёсць разуменне таго, што яны не слабейшыя за салігарчан. Таксама ўсе разумеюць, што матч у Салігорску стане для адной з каманд апошнім у сезоне, а ў другой будзе магчымасць працягнуць яго яшчэ на тры тыдні. У любым выпадку, у нас яшчэ ёсць два таймы па сорак пяць хвілін, каб выправіць сітуацыю.
– А ці не цісне на ігракоў псіхалагічна тое, што ў “Партызана” – шмат тытулаў. У тым ліку – тытул дзеючага чэмпіёна другой лігі?
– Зусім не. У нас сабраўся калектыў, у якім шмат хто з футбалістаў дастаткова пагуляў і ў першай лізе, і нават у вышэйшай. Таму чэмпіёнствам другой лігі іх не здзівіш і не напалохаеш.
– Сёння напрыканцы гульні Вы самі з’явіліся на полі, і было адчуванне, што гульня ў атацы ажывіліся. Але да фінальнага свістка заставалася ўсяго тры хвіліны… Не шкадуеце, што выйшлі на замену запозна?
– Цяпер, калі сустрэча скончылася, сапраўды падумаў, што варта было выходзіць хвілін на пятнаццаць раней. Але напачатку рызыкаваць і пераходзіць на гульню ў два нападаючыя не хацелася, бо непажадана агаляць тылы пры ліку 0:1 і магчымасці адыграцца ў паўторным матчы.

– Дык, мо, варта ў Салігорску выйсці ў стартавым саставе, ці адразу пасля перапынку?
– Будзем глядзець па абставінах. Мне хочацца выходзіць на поле, але часта ахвярую гэтым жаданнем на карысць хлопцаў, якія, не лічачыся з асабістым часам, прыязджаюць на гульні з іншых гарадоў.
Матч «Партызан» – «Колас» адбудзецца ў Салігорску заўтра. Пачатак сустрэчы – у 15 гадзін.

YouTube-канал “ФК «Колос Червень” плануе арганізаваць анлайн-трансляцыю гульні.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

