Вёска Грабёнка – цэнтральная сядзіба сельскагаспадарчага вытворчага філіяла «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон» – сёлета прымае раённае свята «Дажынкі». Карэспандэнт «РВ» даведаўся, як ідзе падрыхтоўка да яго.
У Грабёнку мы выправіліся разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ларысай Ефіменкай, якая каардынуе працу, звязаную з “Дажынкамі”. Сельская гаспадарка для Ларысы Віктараўны – не чужая: на працягу некалькіх гадоў яна ўзначальвала райкам прафсаюза работнікаў АПК. А таму за даручаную справу ўзялася з энтузіязмам.
Ларыса Ефіменка прызналася, што асабіста распрацавала канцэпцыю гарадка саламяных кампазіцый, які будзе сустракаць гасцей пры ўездзе ў Грабёнку з накірунку магілёўскай шашы.
– Адсюль будзе ўсё пачынацца, – кажа яна, калі да вёскі застаецца ехаць прыкладна кіламетр. – Кампазіцыі размесцяцца па абодва бакі ад асфальтавай стужкі і будуць аб’яднаныя тэматычна ў адзін сюжэт. Іх прадставіць кожнае сельгаспрадпрыемства. Мы папрасілі “Аграбуд” падвезці сюды свае рулоны саломы, каб не вазіць іх з розных куткоў раёна, а ўжо рабіць фігуры і афармляць іх будуць самі гаспадаркі. Вось тут, напрыклад, эксперыментальная база “Натальеўск” і райаграсэрвіс усталююць арачныя ўязныя вароты. Адмысловая кампазіцыя ў пачатку вёскі адлюструе ўраджайнасць зерневых у кожнай гаспадарцы. Далей з квадратных цюкоў будзе выкладзена слова “Дажынкі”. А напрыканцы гарадка ўсталюем саламянага Вусеня, які паказвае шлях да месца правядзення свята…

Змены, што адбываюцца ў абліччы Грабёнкі напярэдадні раённых “Дажынак”, заўважныя паўсюль. Прыкметна папрыгажэла візітоўка вёскі – вялікае возера. Прадпрыемства меліярацыйных сістэм і лясгас акультурылі яго, прыбраўшы лішнюю расліннасць, якая бязладна звісала над вадой. Зараз камунгас робіць падсыпку вуліцы, што прымыкае да возера. Часткова апранулася ў асфальт вуліца Лугавая, асфальтаванне чакае і суседнюю Садовую. У разгары – добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі ў завулку Першым.
– Не сакрэт, што такія святы даюць пэўныя фінансавыя магчымасці, каб прывесці ў парадак тэрыторыі і будынкі, – каментуе Ларыса Ефіменка. – “Дажынкі” пройдуць, а зробленае застанецца для людзей…
Сапраўды, у Грабёнцы шмат зроблена ўжо і будзе зроблена яшчэ да свята, якое запланаванае на 14 верасня. На пагорку па шляху да канторы гаспадаркі “вырас” будынак новай прыватнай крамы, адкрыць якую збіраюцца раніцай у дзень “Дажынак”. Вабяць вока свежымі фарбамі гмахі мясцовага Дома культуры і адміністрацыйнага будынка “Аграбуда”. Што да Дома культуры, то тут, акрамя рамонту ўнутры, паклалі новую плітку на пляцоўцы, адрэстаўрыравалі прыступкі і падпорную сцяну. Менавіта гэтая пляцоўка стане галоўнай сцэнай свята.

Сельгасфіліял «Аграбуд» добраўпарадкоўвае тэрыторыю машыннага двара, а таксама разам з мясцовай школай і камунгасам даводзіць да ладу помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
На тэрыторыі перад уваходам ва ўчастковую бальніцу рабочы прыватнай фірмы Віктар рыхтуе пляцоўку для ўкладкі тратуарнай пліткі. Дапамагчы раскідаць пясок прыахвоціліся дзве мясцовыя дзяўчынкі.

– Ім забава, і мне весялей, – усміхаецца мужчына. – Увогуле, прыемна ўсведамляць, што ствараеш камфортныя ўмовы для людзей. На добраўпарадкаванні да “Дажынак” мы працуем не першы год. Летась рабілі тратуары ў вёсцы Астравы…
Ну, а першымі адчуюць набліжэнне раённых “Дажынак” вучні мясцовай школы. Пачатак навучальнага года яны сустрэнуць у будынку з новым дахам, увайшоўшы на тэрыторыю праз новыя вароты па новаму асфальту. І гэта – не адзіныя змены ў навучальнай установе.

– Зрабілі адмосткі вакол будынка, устанавілі навесы на запасных выхадах, – распавядае дырэктар школы Мікалай Нахамчык. – Таксама – знеслі аварыйныя будынкі былой кацельні і сталовай, мяняем старую агароджу тэрыторыі.

Ларыса Ефіменка (справа) абмяркоўвае ход падрыхтоўкі да «Дажынак» са старшынёй сельвыканкама Алегам Калітой і выконваючай абавязкі дырэктара СВФ «Аграбуд» Аленай Чыканоўскай.
У Грабёнцы мы сустрэлі старшыню Валевачоўскага сельвыканкама Алега Каліту, які, як і кожны, хто датычны “Дажынак”, сёння жыве падрыхтоўчымі клопатамі. Падчас гутаркі ён, сярод іншага, акрэсліў такую праблему:
– Мясцовыя жыхары неахвотна адклікаюцца на просьбы навесці парадак на сваіх прысядзібных тэрыторыях: прыбрацца, пакасіць траву, пафарбаваць плот. Шмат хто лічыць, што павінны прыйсці з райвыканкама, ці сельвыканкама і ўсё за іх зрабіць. Так не павінна быць. Пачуйце нас, шаноўныя! Час яшчэ ёсць.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

