– Адна з актуальных тэм, якую абмяркоўвалі на нарадзе па пытаннях эфектыўнага развіцця сельскай гаспадаркі падчас наведвання Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Шклоўскага раёна – будаўніцтва малочна-таварных комплексаў.
Сёння Беларусь уваходзіць у пяцёрку сусветных лідараў па вытворчасці малака на душу насельніцтва. Каб атрымліваць больш прадукцыі, паляпшаць яе якасць, пастаўляць на сусветныя рынкі значныя аб’ёмы харчавання, неабходна сыходзіць ад старых фермаў.
Зараз у нашай гаспадарцы вядзецца будаўніцтва малочна-таварнага комплексу “Хутар”. Рэалізацыя гэтага маштабнага праекта стала магчымай, дзякуючы партнёрскім стасункам з перапрацоўшчыкамі – Слуцкім сыраробным камбінатам, які выдзеліў нам пазыку на 6 мільёнаў рублёў з растэрміноўкай на пяць гадоў.
Комплекс будзе ўяўляць сабой два жывёлагадоўчыя памяшканні з даільна-малочным блокам. Будынкі цяперашняй фермы “Хутар” будуць задзейнічаны для арганізацыі паточна-цэхавай сістэмы вытворчасці малака. Увод комплексу ў эксплуатацыю запланаваны на пачатак наступнага года.

