Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
02 августа 2024

Жніво-2024 на Чэрвеньшчыне: СВФ «Аграбуд» — сярод лідараў па ўраджайнасці

Магутны паўночны цыклон, які бушаваў над Беларуссю ў самым пачатку тыдня і не абмінуў Чэрвеншчыну, сышоў. Лагоднае сонейка на пару з ветрыкам абсушыла прамоклыя палеткі збажыны, што дало магчымасць гаспадаркам вярнуцца да ранейшых тэмпаў жніва.

У зладжаным рытме працуюць гэтымі днямі хлебаробы сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон”. Нагрузка на камбайн (а іх у гаспадарцы чатыры) немалая – больш за 300 гектараў, але разлічаную на дваццаць дзён уборку зерневых тут плануюць завяршыць своечасова. Сёння ў сельгасфіліяле намалочваюць па 43 цэнтнеры збожжа з гектара. Гэта – другі паказчык па ўраджайнасці ў раёне пасля эксперыментальнай базы “Натальеўск”.

Урадзіў сёлета ў “Аграбудзе” і азімы рапс – 37 цэнтнераў з гектара. Больш сабралі толькі ў “Натальеўску”.

– На рапсавых палетках працавалі два камбайны, – распавядае аграном гаспадаркі Леанард Мельнік. – Разлічвалі ўбраць гэтую культуру за тыдзень, але справіліся на дзень раней. Атрыманы ўраджай – рэкордны за апошнія дванаццаць гадоў. Радуе, што сродкі, выдаткаваныя на вырошчванне азімага рапсу, не прапалі марна. А ўкладзена было вельмі шмат: гэта і поўны комплекс мінеральных угнаенняў, і тры падкормкі, у тым ліку – сульфатам амонію ў гранулах. А яшчэ – апрацоўка пасеваў ад хвароб і шкоднікаў, прымяненне стымулятараў росту і мікраэлементаў. Паводле разлікаў, у нашай гаспадарцы вырошчванне рапсу акупляецца пры ўраджайнасці 16-17 цэнтнераў з гектара. Так што сёлета мы ў добрым плюсе…

02 08 2024 65

Камбайнавы экіпаж Юрыя Жарабцова (справа) і Станіслава Анціфеева.

Валавы збор алейнага насення рапсу склаў у СВФ “Аграбуд” 1121 тону. З іх больш за 700 тон намалаціў камбайнавы экіпаж Юрыя Жарабцова і Станіслава Анціфеева. А неўзабаве пасля пераходу на збажыну ён першым у гаспадарцы і другім на Чэрвеньшчыне перасягнуў тысячны рубеж агульнага намалоту.
Юрый Жарабцоў пятнаццаць сезонаў адшчыраваў на “Доне-1500Б”, і ўжо трэці год працуе на амаль новым “КЗС-1624”. Ён неаднойчы перамагаў у раённым спаборніцтве на ўборцы ўраджаю, быў прызёрам і ў вобласці.

Для Станіслава Анціфеева гэтае жніво – другое. Наперадзе ў яго – выпускны адзінаццаты клас сярэдняй школы, а ў далейшых планах – атрымаць вышэйшую інжынерную адукацыю.

02 08 2024 66

Максім Вінаградаў.

Сярод лідараў унутрыгаспадарчага спаборніцтва на жніве – вадзіцель на адвозцы збожжа ад камбайнаў Максім Вінаградаў. Ён прыехаў працаваць у “Аграбуд” дзевяць гадоў таму, і за гэты час стаў тут сваім. Акрамя правоў вадзіцеля, ён мае пасведчанне механізатара, таму пры неабходнасці выконвае любыя віды работ, умела ўпраўляючыся з пагрузчыкам, сеялкай, плугамі. Мае і вопыт працы на камбайне. А яшчэ Максім – клапатлівы бацька трох дачок і двух сыноў. Яго жонку Марыну чатыры гады таму ўганаравалі ордэнам Маці.

02 08 2024 67

Міхаіл Васільеў.

Механізатара Міхаіла Васільева мы заспелі за прэсаваннем саломы. Гэты від работ – не такі рамантычны, як праца на збожжаўборачным камбайне, але таксама важны і патрэбны. Абмалочаныя збожжавыя палеткі трэба своечасова вызваліць ад саломы пад ворыва і сяўбу азімых культур, а яшчэ – забяспечыць патрэбы ў ёй жывёлагадоўлі.

– Так склалася, што я ў полі – з ранняй вясны і да “белых мух”, – з прыязнай усмешкай на загарэлым твары распавядае Міхаіл. – Як толькі сыходзіць снег, заводжу “Расу”, каб падкарміць азімыя зерневыя, рапс і травы, потым – ворыва пад яравую сяўбу, якое па часе нярэдка супадае з хімпраполкай азімых. Травы саспелі – кручу сянаж у рулоны і нарыхтоўваю яго ж для закладкі ў траншэі. Далей – салому парадкую, а позняй восенню заняты на ворыве зябліва. Гэта – пакуль снег не ляжа. Тады можна адпачыць, але нядоўга: не паспееш азірнуцца – трэба тэхніку да вясны рыхтаваць.

– На збожжаўборачным камбайнене хочацца папрацаваць?

– А як? У мяне дзве рукі (смяецца). Увогуле, я на камбайне з дванаццаці гадоў працаваў памочнікам, а ў шаснаццаць ужо самастойна кіраваў СК-5 “Ніва” (у савецкія часы за ўзростам сачылі не так строга, як зараз). Потым былі “Дон”, “КСЗ-7”, яшчэ адзін “Дон”. Усякай працы паспытаў я ў гэтым жыцці…

Паводле звестак на сераду, калі гэты матэрыял быў падрыхтаваны да друку, у СВФ “Аграбуд” абмалацілі трэцюю частку збожжавых палеткаў. Цалкам убралі жыта, якое дало ў сярэднім па 63 цэнтнеры з гектара і трыцікале (42 цэнтнеры з гектара). Добрыя віды маюць у гаспадарцы на ўраджай азімай пшаніцы, якая займае амаль палову агульнай уборачнай плошчы.

02 08 2024 68

Аператары зернесушыльнага комплексу Пётр Сарока і Сяргей Казакевіч.

Аб’язджаючы з Леанардам Мельнікам палеткі, прыкмеціў наступствы нядаўніх працяглых дажджоў і шквалістага ветру: дзе-нідзе збажына палегла.
– Гэта яшчэ не крытычная палегліца, – растлумачыў аграном. – Магло б быць значна горш, але мы апрацавалі ўсё пасевы азімых зерневых рэтрадантамі. Гэтыя прэпараты запавольваюць рост сцяблін увышыню і патаўшчаюць іх, што змяншае паляганне. А ўвогуле, калі колас хіліцца да зямлі, гэта сведчыць пра тое, што ён важкі, а не пусты. Значыць, будзем з хлебам!

Над неабсяжнымі прасторамі “Аграбуда” згасае чарговы напоўнены турботамі дзень, каб даць адпачынак земляробам. А заўтра зноў – у поле. Бо ў іх адна зямля. І адзіны клопат. Пра ўраджай.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс