На палетках раёна – гарачыя дзянькі. Бурштынавыя нівы, шапочучы калоссем, паклікалі хлебаробаў на жніво. Туды, дзе ў паветры лунае ні з чым не параўнальны водар спелай збажыны.
Ад пачатку жніва трымае марку адзін з прызнаных раённых лідараў у вытворчасці раслінаводчай прадукцыі – эксперыментальная база “Натальеўск”. Ураджайнасць алейнага насення азімага рапсу, уборка якога, як і ў цэлым на Чэрвеньшчыне, тут ужо завершана, склала 45 цэнтнераў з гектара. Зерневыя таксама радуюць, даючы ў сярэднім з гектара амаль па 50 цэнтнераў. Гэта – абсалютна лепшыя паказчыкі ў раёне.

Умалотны колас – дадатковая адказнасць, якая ляжыць на кожным, хто спрычыняецца ў гаспадарцы да ўборкі ўраджаю. Канцэнтрацыя сіл і сродкаў – гранічныя, у поўнай адпаведнасці з задачамі, якія паставіў перад аграрыямі на нядаўняй селектарнай нарадзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
– Кіраўнік дзяржавы, як заўсёды, настроіў нас на стваральную працу, – кажа дырэктар эксперыментальнай базы “Натальеўск” Сцяпан Палоннікаў. – Жніво – гэта вяршыня гадавога шчыравання ўсяго калектыву. І сёння мы трымаем своеасаблівы экзамен не толькі перад раёнам, але і перад сваімі сем’ямі. Бо ўборачная кампанія – магчымасць для нашых хлебаробаў не толькі атрымаць задавальненне ад вынікаў сваёй працы, але і зарабіць неблагія грошы.
Падчас селектарнай нарады мне асабліва запомніліся словы кіраўніка дзяржавы пра тое, што лепш ваяваць у полі, чым удзельнічаць у баявых дзеяннях. Сапраўды, зараз на нашых палетках ідзе бітва за ўраджай. Як спрацуем сёння, так і будзе жыць гаспадарка ў бліжэйшай перспектыве. Ураджай у нас сёлета павінен быць рэкордным для сельгаспрадпрыемства. Зараз галоўнае – убраць яго хутка і без страт. Будзем са збожжам – атрымаем рост вытворчасці таксама і жывёлагадоўчай прадукцыі. А ў канчатковым выніку палепшыцца дабрабыт нашых людзей.

На палетку ля вёскі Каліта, дзе сем камбайнаў убіралі азімы рапс, мы пагутарылі з намеснікам дырэктара гаспадаркі па раслінаводству Аляксандрам Івановым.
– Жніво пачыналі з абмалоту азімага ячменю, які вырошчвалі на ста гектарах – падзяліўся ён. – Паколькі ён паспявае першым, мелі магчымасць праверыць падчас уборкі гэтай культуры надзейнасць працы камбайнаў і зернетоку.

Насуперак прымхам, што нават караблі не выходзяць у панядзелак у мора, менавіта ў панядзелак мы выйшлі на рапс, і гэта не перашкодзіла планам убраць яго за дзесяць дзён. А рапс у нас сёлета – на дзіва: вышынёю пад два метры, добра разгалінаваны. Канешне, паспрыяла надвор’е: у патрэбны час прайшлі дажджы. Аднак і мы зрабілі ўсё па тэхналогіі: унеслі ў глебу поўны комплекс мінеральных угнаенняў і мікраэлементаў, тройчы апрацавалі пасевы ад шкоднікаў і двойчы – ад хвароб. Працы і грошай уклалі багата, але важкі ўраджай шматкроць акупіць усе выдаткі…
Таксама Аляксандр Іваноў распавёў, што наяўнасць у гаспадарцы трох зернесушыльных комплексаў дазволіла адначасова з ўборкай рапсу пачаць абмалот трыцікале. На зерневых першапачаткова задзейнічалі тры камбайны, а пасля да іх далучыліся астатнія, што працавалі на рапсе. Ураджайнасць трыцікале – 49 цэнтнераў з гектара. Віды на азімую пшаніцу, якая займае ў структуры зерневых 1250 гектараў з 3080 – не горшыя.
Ураджай у “Натальеўску” ўбіраюць пераважна хлебаробы, за плячыма якіх – дзясяткі жніўных сезонаў. Камбайнер Андрэй Тарасік – не выключэнне. Адметна іншае: сёлета ўпершыню памочнікам ў яго – жонка Вольга.

– Я працую аператарам лініі на Чэрвеньскім вытворча-харчовым заводзе, – распавядае яна. – Узяла адпачынак, каб дапамагчы мужу. Мы абодва – з вёскі Калодзежы, так што да вясковай працы мне не прызвычайвацца, я яе не баюся. У мяне тата дваццаць пяць гадоў адпрацаваў на камбайне, а мама таксама аднойчы ў яго была памочнікам. Мне падабаецца ў полі: цудоўнае надвор’е, свежае паветра.
– Але вы не думайце, што Оля тут – як на курорце, – усміхаецца Андрэй. – Усе абавязкі памочніка выконвае, як мае быць. Напрыклад, пачысціць камбайн, змазаць механізмы – гэта яе справа. Прыехалі б з раніцы – пабачылі б жонку ў робе і са шпрыцам…
Сёння сямейны экіпаж Тарасікаў – адзін з лідараў унутрыгаспадарчага спаборніцтва на жніве. Муж і жонка разлічваюць па выніках уборкі ўраджаю намалаціць не менш за дзве тысячы тон збожжа.
– Камбайн новы (толькі летась атрымаў), ураджай выдатны: такога рапсу на маёй памяці не было, а яшчэ ж пшаніца стаіць сцяною, таму ўсё цалкам рэальна, – перакананы Андрэй.
Камбайны ўжо дажыналі апошнія гектары рапсавага палетка, калі з касматых хмар праз мерны гул рухавікоў прарвалася пагрозлівае вуркатанне перуна. Ён нібыта нагадваў, што неба не заўсёды бывае ясным. Ужо на наступным тыдні, паводле папярэдніх прагнозаў сіноптыкаў, можа задажджыць. А таму кожная пагодлівая хвілінка мае сёння для хлебаробаў асаблівыя сэнс і вагу.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

