Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
18 июля 2024

Футбол: чэрвеньскі «Колас» разграміў мар’інагорскую «Вікторыю»

Пасля адпачынку ў дзявятым туры чэмпіянатуМінскай вобласці з-за няяўкі на матч у Чэрвень “Фалько” (Дзяржынскі раён) і кубкавай гульні ў Слуцку наша каманда выправілася мінулай нядзеляй у Мар’іну Горку.

На паядынак з мясцовай “Вікторыяй” “Коласу” не ўдалося сабраць традыцыйны стартавы састаў. А галоўнай станоўчай падзеяй дня стаў дэбют у складзе жоўта-чорных Уладзіслава Завадскага. У спісе каманд, за якія выступаў 28-гадовы паў- абаронца – “Гарадзея-2”, “Гарадзея”, “Смалявічы”, “Славія” (Мазыр), “Крумкачы”, “Ашмяны-БГУФК”. Некалькі апошніх сезонаў Уладзіслаў быў адным з вядучых ігракоў каманды “Фалько” (Дзяржынскі раён). У яе складзе ён стаў лепшым бамбардзірам мінулагодняга чэмпіянату Мінскай вобласці, забіўшы 29 мячоў.

18 07 2024 05

Нулі на віртуальным табло ў Мар’інай Горцы (рэальнае чамусьці не працавала) трымаліся да 22-й хвіліны. А потым “Колас” выдаў галявую феерыю, ад якой закружылася галава нават у прыхільнікаў “Вікторыі”. Распачаў яе Дзяніс Сіманчык, патрапіўшы ў “дзявятку” з-за межаў штрафной пляцоўкі. Потым з блізкай адлегласці дакладна прабіў праз сябе Віктар Кліміхін. Наступным вызначыўся Аляксандр Каралёў. Не прайшло і чатырох хвілін, як Дзмітрый Асіпенка прамым ударам з вуглавога прымусіў “Вікторыю” ў чацвёрты раз пачынаць з цэнтра поля, а аднаго з мясцовых заўзятараў усклікнуць: “Які чэмпіянат Еўропы? Прыязджайце ў Мар’іну Горку, паглядзіце, як забівае “Колас”!”

18 07 2024 06

18 07 2024 07

Ад пачатку другога тайма, нарэшце, “прачнулася” “Вікторыя”. Гаспадарам поля, натуральна, не было чаго губляць, акрамя ўласнага гонару. Адпаведна, у чэрвеньцаў з’явілася магчымасць для хуткіх контратак. Адна з іх завяршылася пятым голам у вароты мар’інагорцаў. Дзмітрый Асіпенка зрабіў закід па паветру ў штрафную пляцоўку, дзе мячом завалодаў Уладзіслаў Завадскі і забіў свой першы мяч у складзе “Коласа”.

18 07 2024 08

Далей гульня пайшла на сустрэчных курсах. Падзеі на полі больш нагадвалі перастрэлку, у выніку якой “Вікторыя” забіла тры мячы, а нашы яшчэ два. Вызначыліся Аляксандр Каралёў і Уладзіслаў Завадскі. У абодвух выпадках галявыя перадачы зрабіў галоўны трэнер “Коласа” Дзяніс Трапашка, які выйшаў на замену. 7:3 на карысць нашых у гэтым матчы і 12:4 па суме дзвюх гульняў чэмпіянату, паколькі ў Чэрвені мар’інагорцы былі таксама бітыя – 1:5.

18 07 2024 09

Пасля матча мы пагутарылі з Дзянісам Трапашкам.

– Дзяніс Мікалаевіч, у сённяшняй гульні ўдзельнічалі не ўсе ігракі асноўнага саставу. Ці стала гэта праблемай для трэнерскага штабу?

– Сапраўды, мы недалічыліся некалькіх футбалістаў асновы. Але я не сказаў бы, што гэта стала вялікай праблемай. Калі мы разлічваем вырашаць сур’ёзныя задачы, то не павінны рабіць стаўку толькі на пэўных ігракоў. У нас кожны гатовы выходзіць на матч і змагацца. Адзінае, што давялося крыху паламаць галаву наконт расстаноўкі футбалістаў на полі. Хачу сказаць, што, напрыклад, тыя ж Юрый Весялоў і Павел Лаўрык, якія звычайна маюць менш гульнявога часу, годна сябе паказалі ў сустрэчы з “Вікторыяй”.

– Чым можна растлумачыць тое, што ў другім тайме “Колас” прапусціў тры мячы?

– Цяжка псіхалагічна захоўваць максімальную канцэнтрацыю пры ліку 5:0. Магчыма, дзесьці расслабіліся, падсвядома пачалі эканоміць сілы на наступны кубкавы матч з “Беразіно”. Але ў любым выпадку гэты момант будзе прадметам абмеркавання з камандай, бо прапускаць тры мячы ў гульні гэта зашмат.

– Ці апраўдаў Вашы надзеі дэбютант “Коласа” Уладзіслаў Завадскі?

– Нам быў вельмі патрэбны атакуючы ігрок такога тыпу. У матчы з ”Вікторыяй” Улад парадаваў. Ён не толькі забіў два мячы, але і пастаянна напружваў абарону гаспадароў поля, а пры чацвёртым узяцці варот, калі Дзмітрый Асіпенка забіваў з вуглавога, адцягнуў на сябе ўвагу аднаго з сапернікаў, што і дапамагло дабіцца поспеху. Увогуле ж, ведаючы магчымасці Уладзіслава, перакананы, што ў наступных гульнях ён яшчэ больш раскрыецца ў нашай камандзе.

– Наперадзе ў “Коласа” – напружаны графік: хатняя сустрэча з лідарам групы – стаўбцоўскім “Кронанам”, праз гульню з “Іслаччу” – выезд у Капыль на матч з “Бабоўняй”, потым прымаем дома “Партызан”, а па серадах – яшчэ і матчы Кубка вобласці. Як плануеце размяркоўваць сілы, каб іх хапіла?

– У нас дастаткова кваліфікаваных выканаўцаў. І ўсё гатовыя гуляць, ірвуцца ў бой. Таму ёсць магчымасць вар’іраваць састаў у залежнасці ад задачы на канкрэтны матч. Я маю на ўвазе задачы тактычныя, бо агульная задача, як мы з ігракамі і дамаўляліся ў пачатку сезона, перамагаць у кожнай гульні, будзь гэта чэмпіянат, Кубак або таварыскі матч.

27 або 28 ліпеня “Колас” згуляе ў Чэрвені са стаўбцоўскім “Кронанам”. Дзень і час пачатку матча стануць вядомымі пазней.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

“Вікторыя” (Мар’іна Горка) – “Колас” (Чэрвень) – 3:7.
14 ліпеня. Мар’іна Горка. Стадыён “Гарадскі”. 40 гледачоў.
“Колас”: Сіліч, Мінко, Асіпенка, Весялоў, Лаўрык, Сацукевіч, Завадскі І. (Шмідаў, 78), Сіманчык (Гавароўскі, 84), Каралёў, Завадскі У., Кліміхін (Трапашка, 71).
Галы ў “Коласа”: Сіманчык (22), Кліміхін (29), Каралёў (31, 74), Асіпенка (35), Завадскі У. (58, 83).

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс