Яны так доўга і ўпарта ішлі разам са сваімі педагогамі да такіх вынікаў…
Знаёмцеся! Зорныя выпускнікі СШ №4 г.Чэрвеня: сярэбраны медаліст Станіслаў Бабіцкі (100 балаў на ЦЭ па грамадазнаўству) і залатая медалістка Паліна Дадалка (100 балаў на ЦЭ па беларускай мове) з настаўнікамі Наталляй Антонаўнай Баравік і Вольгай Міхайлаўнай Врублеўскай. І ў нас – адно інтэрв’ю на чацвярых…
– Напачатку, канешне ж, самыя шчырыя віншаванні ўсім вам! Раскажыце, калі ласка, як даведаліся пра такія вынікі, што адчулі… Ці паверылі сваім вачам?
Стас:
– Калі я ўбачыў 100 балаў, дык ажно з крэсла падскочыў! Па праўдзе, быў у шоку. Чакаў, што будзе 90, 90+, а тут… І на працягу дня ў мяне быў такі цудоўны настрой, які нішто не магло сапсаваць. Вядома ж, некалькі разоў за дзень пераправяраў вынік: а раптам што памяняецца. А тады прагледзеў свой бланк і зразумеў, што гэта праўда…
Наталля Антонаўна:
– Мне гэты вынік адразу даслала ў вайбер цудоўны класны кіраўнік Аліна Аляксееўна Азяўчыкава. Я спачатку нават не зразумела, што гэта за паведамленне. І толькі калі ўбачыла прозвішча вучня… Насамрэч я вельмі цікавілася вынікамі ЦЭ па грамадазнаўству, перажывала, каб менавіта Стас пацвердзіў свой вышэйшы бал, атрыманы ў школе. Хачу зазначыць, што ў гэтага вучня вельмі шмат уклала папярэдні педагог – Святлана Міхайлаўна Няборская. Мне пашчасціла бачыць практычны вынік іх працы. І вось калі я ўбачыла ў вайберы 100, дык некалькі разоў перагледзела дасланае. На мой погляд, гэта эксклюзіў…
Паліна:
– Зазначу, што з ЦЭ я выйшла з упэўненасцю, што 90+ у мяне будзе. Канешне ж, хацелася атрымаць 100 балаў, бо я адчувала, што магу дасягнуць такога выніку. У той дзень, калі ўсё павінна было стаць вядомым, я са сваёй сяброўкай знаходзілася ў школе. Некалькі разоў заходзіла на сайт Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, каб паглядзець, ці не з’явіліся вынікі. І вось у адну секунду я ўбачыла, што яны даступныя. Мы з сяброўкай хутка пачалі на тэлефонах уводзіць патрэбныя звесткі. І пасля я проста адвярнула тэлефон ад сябе, каб сяброўка ўбачыла першай. Гляджу – а ў яе вочы загараюцца! Паварочваю тэлефон да сябе… 100!!! І ў мяне пачынаюць трэсціся рукі, калені…
Вольга Міхайлаўна:
– Я на той момант таксама знаходзілася ў школе. І вось прыбягае да мяне Паліна… Я пытаюся: “Ну што? Колькі?!” Яна: “100!!!” Канешне ж, адчуванні – словамі не выказаць. Я чакала ад яе такога выніку. І спадзявалася, што 100 балаў па беларускай мове можа быць і ў Стаса…
Стас:
– А я атрымаў усяго 96 балаў. Вось тут якраз-такі не пашанцавала – варыянт быў не з лёгкіх. Але што ёсць, тое ёсць. Нічога не памяняеш…
– Усяго?! Стас, гэта цудоўны вынік!
Стас:
– Але ж ёсць і лепшыя. У Паліны – 100…
– Думаю, вельмі многія чакаюць, што вы раскрыеце свае сакрэты поспеху, падзеліцеся імі з цяперашнімі вучнямі, іх настаўнікамі, бацькамі. Пытанне да выпускнікоў: як рыхтавацца так, каб здаць ЦЭ па прадмету на 100 балаў?
Стас:
– Па-першае, трэба правільна размяркоўваць свой час. Па-другое, разлічваць свае сілы, разумець, на што ты здольны. Па-трэцяе, раю не губляць часу і пачынаць мэтанакіравана рыхтавацца да ЦЭ нават трохі раней, чым збіраўся. З пачатку 10-га класа – дакладна. З уласнага вопыту магу сказаць, што вельмі карысна весці канспект – свой, самому. Вось я кажу сабе за гэта дзякуй. Бо памятаю, як за дзень да экзамену зразумеў, што цалкам забыўся адну тэму. Знайшоў яе ў канспекце, паўтарыў – і яна мне трапілася на экзамене! Так, я апрача ўрокаў у школе і дадатковых заняткаў па грамадазнаўству займаўся на курсах, у суме 4 гадзіны на тыдзень. Мне гэтага хапала.
Паліна:
– Адразу зазначу, што я не займалася беларускай мовай з рэпетытарам. Толькі ўрокі, дадатковыя заняткі пасля ўрокаў, якія праводзіла з намі Вольга Міхайлаўна, плюс заняткі самастойныя, дома. Штодня праходзіла па два тэсты. Я б не сказала, што гэта займала шмат часу. Вольга Міхайлаўна прыйшла да нас выкладаць беларускую мову напрыканцы 6-га класа. І мне вельмі спадабалася яе методыка. У нас ёсць спецыяльны сшытак, куды мы запісвалі ўсю неабходную тэорыю. Гэта сапраўдны скарб! У мяне малодшыя брат і сястра. Я абавязкова захаваю яго для іх. Што тычыцца астатняга, дык парады такія. Па-першае, не хвалявацца. Гэта не так страшна, як здаецца, – здаваць ЦЭ. Па-другое, згодна са Стасам, што рыхтавацца варта, пачынаючы з 10-га класа. Па-трэцяе, трэба прытрымлівацца даволі жорсткага распарадку дня, у якім было б месца і заняткам, і адпачынку, і захапленням, і абавязкова – сну. Варта ставіць сабе абмежаванні па карыстанні мабільным тэлефонам і камп’ютарам. І тэстамі займацца пастаянна!
– Пытанне да настаўнікаў: як рыхтаваць вучняў да ЦЭ, каб яны здалі на 100 балаў?
Наталля Антонаўна:
– Я б параіла ўсім зацікаўленым, пачынаючы з 9-га класа, удзельнічаць у алімпіядах па выбранаму прадмету, у дыстанцыйных алімпіядах. Гэта вельмі добрая падрыхтоўка. Наступнае – гэта дадатковыя заняткі пасля ўрокаў. Спачатку мы напрацоўваем тэорыю, назапашваем веды па пэўнаму блоку. А затым працуем з тэстамі. Калі ёсць пэўныя пытанні, мы зноўку вяртаемся да тэорыі, паглыбляем веды. Яшчэ патрэбна матывацыя самога вучня, падтрымка яго родных. А настаўнікі заўсёды гатовыя заставацца пасля ўрокаў, займацца, выдаткоўваць шмат часу на зацікаўленых вучняў.
Вольга Міхайлаўна:
– Адразу скажу, што здаць на 100 балаў прадмет на ЦЭ – цалкам рэальна. Я ў гэтым упэўнілася, бо здавала беларускую мову сама. Двойчы. Першы раз атрымала 98 балаў – толькі з-за таго, што мне не сказалі: кропку таксама трэба адмяняць. А другі раз атрымала 100 балаў.
– Шчырыя віншаванні настаўніцы-стобальніцы!!!
– Дзякуй! А што тычыцца падрыхтоўкі… Пагаджуся, што трэба вялікае жаданне саміх вучняў. Бо толькі аднаго жадання настаўніка недастаткова. Працаваць над тэорыяй і тэстамі трэба як на ўроках, дадатковых занятках, так і дома, самастойна. Абавязкова вучыць усе правілы ў канспекце, які мы вядзём. Прапрацоўваць усе тэмы паасобку, а пасля збіраць усё разам. І яшчэ вучням трэба ўмець валодаць сабой, бо лішняе хваляванне на ЦЭ зусім не на карысць.
Канешне ж, гэта толькі маленькая частка нашай шчырай гутаркі са стобальнікамі і іх настаўнікамі. Яшчэ хочацца ўзгадаць, што Паліна здала ЦЭ па матэматыцы на 90 балаў – і вельмі задаволена сваім вынікам. Дарэчы, гэтыя дзеці ніколі не былі зубрыламі. Стас – за любы рух, Паліна – захоплена чытаннем кніг і прывучае да гэтага іншых. А што тычыцца настаўнікаў… Іх настаўнікі заслугоўваюць самых цёплых слоў, якія і пачулі ад сваіх сапраўды ўдзячных вучняў.
Хочацца шчыра пажадаць Стасу і Паліне паступіць туды, куды яны мараць, і атрымліваць ад студэнцкага жыцця сапраўднае задавальненне. А Наталлі Антонаўне і Вользе Міхайлаўне – пабольш вось такіх таленавітых вучняў, а яшчэ – мець стобальнікаў штогод!
Калі гэты матэрыял быў падрыхтаваны да друку, стала вядома, што Станіслаў Бабіцкі набраў сто балаў яшчэ і на цэнтралізаваным тэсціраванні па англійскай мове! Віншуем Стаса і яго настаўніцу Соф’ю Уладзіміраўну Рудзік!
Святлана АДАМОВІЧ, метадыст Чэрвеньскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Фота аўтара

