На Чэрвеньшчыне працягваецца рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”. Наступным адрасам, па якому яна завітала, стала ААТ “Запольскае”.
Гэтая гаспадарка пакуль што не можа пахваліцца такім узроўнем вытворчасці малака, які б забяспечваў эканамічную стабільнасць. Тым не менш, летась тут адбыліся станоўчыя зрухі: валавы надой павялічыўся на 8 працэнтаў, прадукцыйнасць дойнага статка ўзрасла на 390 кілаграмаў у параўнанні з 2015 годам.
Як зазначыў у гутарцы з нашым карэспандэнтам дырэктар ААТ “Запольскае” Сяргей Александровіч, гэтаму паспрыялі паляпшэнне тэхналагічнай дысцыпліны, больш трывалая кармавая база, рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў. У планах на сёлета – павелічэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы, у тым ліку – дойнага статка.
— Безумоўна, многае залежыць ад чалавечага фактару, – кажа Сяргей Александровіч. – Таму вельмі разлічваю на руплівасць і стараннасць нашых жывёлаводаў. Тым больш, што многія вопытныя спецыялісты, якія раней пакінулі гаспадарку, сёння ў яе вяртаюцца. Што да акцыі, то хачу шчыра падзякаваць прафсаюзам за яе правядзенне. Людзям прыемна, калі іх працу прыкмячаюць і адзначаюць…
Падчас акцыі дырэктар гаспадаркі разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ларысай Ефіменка і старшынёй мясцовага прафкама Галінай Пінчук наведаў кожную ферму, падзякаваў жывёлаводам за працу і павіншаваў узнагароджаных.

Муж і жонка Марына і Іван Мішкевічы разам працуюць на МТФ “Заполле”
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

