Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
07 июня 2024

Не прадаецца хата бацькоў?.. Як рэалізуюць палажэнні прэзідэнцкага Указа №116 на Чэрвеньшчыне

Вынесеныя ў загаловак словы з песні гурта “Дразды”, якая адразу ж пасля выхаду стала хітом, маюць глыбінны сэнс і кранаюць сэрцы многіх беларусаў. Справа тут не толькі і не столькі ў настальгіі па бацькоўскім кутку, а, хутчэй, у праблеме: што рабіць з гэтай хатай, калі яна засталася ў спадчыну.

Прасцей таму, хто з’ехаў з родных мясцін не так далёка. А калі за дзве-тры сотні кіламетраў? А калі за мяжу? Часта не наездзішся… Зноў жа – фінансавы складнік: хату, каб яна дачасна не развалілася, трэба даглядаць, рамантаваць. Вось толькі грошы на гэта ёсць не ва ўсіх. Ды і на элементарнае падтрыманне парадку на сядзібе (пакасіць траву, абрэзаць дрэвы ў садзе) патрэбны сілы, час і, галоўнае, жаданне. Гэта ж не шашлык пасмажыць прыехаць, ды ў рэчцы пакупацца…

Прадаць шкада (ды і ці купіць яшчэ хто?), даглядаць не атрымоўвацца… Вось так і становяцца зарослыя пустазеллем, здзічэлыя хаты бацькоў клопатам і галаўным болем дзяржавы.

У сакавіку 2021 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні працы з пустуючымі дамамі”. Гэтым дакументам, у прыватнасці, прадугледжана праз суд прызнаваць безгаспадарнымі дамы, якія пустуюць тры гады і больш або знаходзяцца ў аварыйным стане, разам з зямельнымі ўчасткамі, і перадаваць іх ва ўласнасць мясцовых выканкамаў. Тыя ж могуць прадаваць такія дамы на аўкцыёнах па рыначным кошце з магчымасцю паэтапнага зніжэння цаны да 1 базавай велічыні.

Ход выканання згаданага Указа на Чэрвеньшчыне разгледзелі не так даўно на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Як распавёў начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Раманчык, з пачатку 2023 года на тэрыторыі раёна ў Адзіны рэестр пустуючых дамоў унеслі 182 дамы. За час, што прайшоў, 56 дамоў выключаны з рэестру па прычынах зносу, продажу або прывядзення праваўладальнікамі ў належны стан.

Пры райвыканкаме створана пастаянна дзеючая камісія, якая не радзей за два разы на год абследуе жылыя дамы і афармляе адпаведныя акты. Сельвыканкамы і аддзел архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама збіраюць неабходныя дакументы, якія пацвярджаюць правы ўласнасці жылых дамоў, а таксама звесткі з Чэрвеньскага раёна электрасетак, падатковай інспекцыі, БТІ, камунгаса, раённага аддзела ўнутраных спраў, ЗАГСаў і натарыяльных кантор. Устаноўленым праваўладальнікам накіроўваюцца паведамленні аб тым, што ёсць падставы для прызнання іх жылых дамоў пустуючымі. У выпадку, калі іх месца знаходжання не ўстаноўлена, звесткі аб пошуку размяшчаюцца ў газеце “Раённы веснiк”. На працягу двух месяцаў пасля накіравання паведамлення або публікацыі ў газеце праваўладальнік павінен пісьмова пацвердзіць намер выкарыстоўваць жылы дом для пражывання і прывесці яго ў парадак. У адваротным выпадку мясцовыя выканаўчыя камітэты падаюць дакументы ў пастаянную камісію, а тая складае заключэнне, на падставе якога прымаецца рашэнне аб уключэнні жылога дома ў рэестр пустуючых або адмове. Пасля таго, як рашэнне прынята, выканкамы падаюць у суд заяву аб прызнанні пустуючага жылога дома безгаспадарным і перадачы яго ў сваю ўласнасць, паведамляючы пра гэта праваўладальніку. І ўжо на падставе рашэння суда вызначаецца далейшы лёс такога дома: ён можа быць пакінуты ва ўласнасці выканкама, прададзены або знесены.

З пачатку гэтага года ў раёне выяўлена 29 дамоў, якія маюць прыкметы пустуючых. У суд Чэрвеньскага раёна пададзена 21 заява. У дачыненні да шасці дамоў прынята рашэнне аб прызнанні іх вымарачнай спадчынай, у дачыненні да трох дамоў – аб прызнанні іх безгаспадарнымі. Зараз на разглядзе ў судзе знаходзіцца 10 заяў.
Сёлета ўжо знесена 18 дамоў, з іх 12 – за бюджэтныя сродкі, 6 – праваўладальнікамі. Да канца года плануецца знесці або ажыццявіць адчужэнне 75 дамоў (17 – у Лядзенскім сельсавеце, 11 – у Валевачоўскім, 10 – у Чэрвеньскім, 8 – у Смілавіцкім, па 7 – у Калодзежскім і Раваніцкім, 5 – у Кліноцкім, 3 – у Руднянскім сельсавеце і 7 – у Чэрвені). У гэтым годзе на знос дамоў выдаткавана больш за 32 тысячы рублёў (сярэдні кошт зносу аднаго дома – 2 тысячы 700 рублёў). Шэсць дамоў прадалі з аўкцыёну з пачатковай цаной адна базавая велічыня. За іх продаж у кансалідаваны бюджэт паступіла больш за 12 тысяч рублёў.

Паводле слоў Аляксандра Раманчыка, апошнім часам уласнікі жылых дамоў, якія маюць прыкметы пустуючых, больш актыўна адгукаюцца на прапановы мясцовых выканкамаў падаць апавяшчэнні аб выкарыстанні іх для пражывання, што дазваляе не даводзіць справу да суда. Сёлета яны самастойна знеслі 5 дамоў і падалі 21 апавяшчэнне аб прывядзенні жылых дамоў і зямельных ўчасткаў у належны стан.

Вопытам працы па рэалізацыі палажэнняў Указа №116 на пасяджэнні падзяліліся старшыні сельвыканкамаў.

Вікторыя Наркевіч, старшыня Лядзенскага сельвыканкама:

– На тэрыторыі нашага сельсавета выяўлена 58 дамоў, якія адпавядаюць крытэрыям пустуючых. З іх у рэестр унесены 44 дамы. Сёлета ўжо знесена восем дамоў (тры – па заяве ўласнікаў, пяць – па рашэнню суда). Гэта столькі ж, колькі за ўвесь мінулы год. Накіравалі 28 апавяшчэнняў праваўладальнікам і размясцілі звесткі па 13 дамах у раённай газеце. Уласнікаў дапамагае ўстанаўліваць участковы інспектар міліцыі, апытваючы мясцовых жыхароў. Вельмі хацелася б, каб нашчадкі самі клапаціліся пра лёс сваёй спадчыны, не чакаючы, каб іх шукаў сельвыканкам.

Васіль Сурага, старшыня Кліноцкага сельвыканкама:

– Наш сельсавет знаходзіцца недалёка ад Мінска, таму вялікай праблемы з пустуючымі дамамі не існуе. Вольныя зямельныя ўчасткі карыстаюцца добрым попытам, а ў такіх вёсках як Турэц, Петравінка, Убель іх ужо практычна няма. У рэестры ў нас – 5 пустуючых дамоў, займаемся пошукам іх уласнікаў. Па майму перакананню, варыянт закопвання дамоў пад знос на зямельных участках – не найлепшы, бо потым у новых уласнікаў узнікаюць складанасці пры будаўніцтве. Таму старыя дамы трэба разбіраць і вывозіць. Канешне, самы танны варыянт – іх спальванне. Мы паспрабавалі гэта рабіць пры падтрымцы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, аднак такі метад не спадабаўся мясцовым жыхарам…

Райвыканкам прыняў рашэнне, у якім акрэслены захады па ўдасканаленню працы, звязанай з рэалізацыяй Указа №116. У прыватнасці, ім прадугледжана, што зямельныя ўчасткі з пустуючымі жылымі дамамі, якія мясцовыя выканкамы прадаюць на падставе рашэння суда, павінны быць забяспечаны першаснай інжынерна-транспартнай інфраструктурай. Аддзелу ўнутраных спраў райвыканкама даручана своечасова садзейнічаць выканкамам ва ўстанаўленні месца фактычнага пражывання або месца знаходжання праваўладальнікаў пустуючых жылых дамоў, а чэрвеньскім камунгасу і прадпрыемству меліярацыйных сістэм – прымаць неадкладныя меры па выкананню рашэнняў аб зносе такіх дамоў.

Ігар АДАМОВІЧ

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс