Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
24 мая 2024

Майстар вытворчага навучання са Смілавічаў Аляксей Кахновіч: «Мы з навучэнцамі – адна сям’я»

Калі б у дзяцінстве хтосьці сказаў Аляксею Кахновічу, што ён па поклічу сэрца прыйдзе ў выкладчыцкую прафесію, дык ён наўрад ці паверыў бы таму чалавеку. Бо яго неадольна цягнулі да сябе машыны.

Яно і не дзіўна – вадзіцелем працаваў тата Аляксея. І не было большай радасці для двух яго сыноў, як праехацца з ім у кабіне… Таму і марыў Аляксей Кахновіч стаць вадзіцелем. А яшчэ – механікам, каб дасканала разбірацца ва ўладкаванні машын.

Мудрагелістасці прафесіі механіка ён сапраўды асвоіў, скончыўшы Пінскі дзяржаўны індустрыяльны каледж. Але спецыяльнасць “тэхнік-механік” была, так бы мовіць, другаснай. А на першае месца выйшла якраз-такі выкладчыцкая прафесія – майстар вытворчага навучання.

Па размеркаванні Аляксей Міхайлавіч трапіў у тагачасны Смілавіцкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, які значна пазней, у 2022 годзе, пераўтварылі ў Смілавіцкі дзяржаўны каледж. Папрацаваў літаральна паўгода – і пайшоў у войска.

Па вяртанні спрабаваў шукаць сябе ў іншых прафесіях ды іншых месцах, але штораз усё роўна вяртаўся ў Смілавічы. І так прырос да іх душой і сэрцам, што ў выніку застаўся тут. І нават не ўяўляе сябе без гэтых прыгожых мясцінаў, роднай ужо навучальнай установы, душэўнага калектыву і… без сваіх навучэнцаў, вядома ж.

– Цяжка з імі толькі першы год, калі яны прыходзяць да нас пасля заканчэння 9-га класа, – разважае аб асаблівасцях сваёй працы Аляксей Міхайлавіч. – Дзеці прыязджаюць у каледж з розных куточкаў вобласці. Яны не ведаюць адзін аднаго, але ці не кожны імкнецца паказаць сябе, часам не з лепшага боку. Як я гэта называю – “мераюцца каронамі”. Такое своеасаблівае прыціранне ідзе. Затое пасля паўгода, пасля знаходжання з імі агульнай мовы, стасункі толькі ў задавальненне. Зараз у мяне група другакурснікаў. І мы з імі – як адна сям’я. Няма лідараў, усе на роўных. Я ім кажу, што яны для мяне – мае дзеці, усе аднолькавыя. І цяпер у нас – толькі ўзаемапаразуменне…

Ну што ж, сведчу… Усё сказанае – праўда! І хаця я назірала за стасункамі Аляксея Міхайлавіча ўсяго з некалькімі навучэнцамі, і нядоўга, але тое ўзаемапаразуменне сапраўды было бачна – у позірках, жэстах, стаўленні…

– А майстар кім з’яўляецца для навучэнцаў? – пытаюся ў свайго суразмоўцы.

– Ды фактычна другім татам, – усміхаецца ў адказ Аляксей Кахновіч. – Вось глядзіце… За групай замацаваны класны кіраўнік (куратар) і майстар. І хаця куратар займаецца, апроч іншага, выхаваўчым працэсам, але на пад’ём у інтэрнат звычайна раніцай ідзе якраз-такі майстар.

– На пад’ём?!

– Так. Бо ёсць жадаючыя паспаць раніцай і… праспаць заняткі. Трэба прасачыць, ці ўсе падняліся ў прызначаны час. Наш працоўны дзень пачынаецца звычайна а восьмай раніцы. І мы дзесьці ў 7.50 ужо ў інтэрнаце…

– Што яшчэ павінен рабіць майстар вытворчага навучання?

– У асноўным, навучаць ваджэнню. У нас гэта называецца – выдача ваджэння. Нашы навучэнцы набываюць у каледжы шырокі спектр прафесій – асвойваюць ваджэнне трактара, камбайна, пагрузчыка, экскаватара, грузавога аўтамабіля… І ўсё гэта выдае, як правіла, адзін майстар. Напрыклад, на першым курсе навучэнцы асвойваюць трактар, на другім – пагрузчык, экскаватар, на трэцім – грузавы аўтамабіль… А другі майстар выкладае ім слясарную справу…

– А вось мы з Вамі, Аляксей Міхайлавіч, некалькі разоў праходзілі праз памяшканне, дзе рамантуюць тэхніку. І там, апроч іншага, Вашы навучэнцы з такім імпэтам падмяталі за сабой!

– Так, і гэта трэба ўмець, а галоўнае – рабіць, – усміхаецца Аляксей Кахновіч. – А ўвогуле, як Вы правільна заўважылі, у нас ёсць свае майстэрні. Калі штосьці з тэхнікі ламаецца, самі рамантуем. Навучэнцы робяць гэта з задавальненнем! А я, апроч іншага, люблю за імі назіраць. Камусьці бывае так цікава, што ён гатовы і пасля заняткаў застацца. Каб адрамантаваць машыну, каб яна заўтра выйшла на лінію. Бо ў нас гадзіны ваджэння строга распісаны па вучэбнай праграме.

– Вы прызнаны адным з лепшых у сферы адукацыі па выніках 2023 года, і Ваш партрэт – на раённай Дошцы гонару. Якія паказчыкі, якія вынікі паспрыялі?

– Я б сказаў, што ў многім гэта – заслуга калектыву. Самае значнае дасягненне, якім мы сапраўды ганарымся, – штогадовыя перамогі нашых навучэнцаў на прэстыжным рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства «WorldSkills Belarus». Тры гады запар – першае месца! Звычайна аднаго навучэнца рыхтуе каманда з чатырох майстроў – па розных модулях. І мы сапраўды яднаемся, выступаем, як адна сям’я… Годна прадстаўляюць навучэнцы наш каледж і на іншых спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. А яшчэ нашы дзеці заўсёды складаюць сур’ёзную канкурэнцыю студэнтам з профільных ВНУ. А ВНУ падчас розных конкурсаў да іх прыглядаюцца і пасля з задавальненнем прымаюць у лік студэнтаў. Можна сказаць, што мы аднойчы задалі высокую планку: “Смілавічы – гэта веды, уменні, якасць…” І так яе і трымаем.

– У пачатку размовы Вы казалі, што ў дзяцінстве марылі стаць вадзіцелем, потым планавалі быць механікам, але ніяк не выкладчыкам. Дык што зараз больш падабаецца – навучаць дзяцей ці вазіцца з машынамі?

– Вы ведаеце, усё ж навучаць дзяцей, працаваць з імі…

– А ці часта здараюцца якія выпадкі падчас ваджэння?

– Ну, як Вам сказаць… Калі б не было дадатковых педаляў, дык усё б здаралася. А так… Мы – майстры. Мы нясём адказнасць за жыццё і здароўе нашых дзяцей. Таму заўсёды напагатове, калі за рулём навучэнец. І да гэтага ўжо настолькі прывыкаеш… Калі жонка за рулём, а я побач, бываюць такія сітуацыі, калі цісну на дадатковыя педалі, а іх жа… няма.

– Раскажыце пра сваю сям’ю, калі ласка.

– Жонка родам з маёй вёскі. Дачка заканчвае 11-ы клас, выпускніца. Напачатку нам цяжка было ў Смілавічах. Бацькі – за 300 км, на Піншчыне, а дахаты цягне…
Калі вырашылі жыллёвае пытанне, пачалі ездзіць туды радзей, раз на месяц. Часцей і хацелася б, ды ўжо не выпадае…

– А як дачка ў дзяцінстве ставілася да Вашай працы?

– Ёй падабалася. Прыходзіла, цікавілася машынамі. І даўно ўжо чакае, калі будзе 18, каб пайсці ў аўташколу і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне.

– Аляксей Міхайлавіч, ці часта трапляюцца сярод Вашых навучэнцаў такія, хто западае ў душу і памятаецца доўга?

– Заўсёды былі, ёсць і, я ўпэўнены, будуць. Прычым як талковыя, так і наадварот. Памятаю аднаго. Уладкоўваў яго на працу, а ён не хадзіў. Вазіў на медкамісію, а ён казаў: “Мне гэтага не трэба!” А быў – сірата. Даводзілася з ім вазіцца… Канешне, прыемна, калі цябе памятаюць, тэлефануюць, прыязджаюць у госці. Я часта кажу дзецям: “Мы – адна сям’я. Мае дзверы заўсёды для вас расчыненыя”.

Памятаю, пасля 10 гадоў выпуску неяк прыехалі да мяне 6 чалавек. Во гэта быў сюрпрыз! Цудоўныя ўспаміны… Многія мае выпускнікі працуюць вадзіцелямі. І калі я рабіў вадзіцелем-дальнабойшчыкам, дык з некаторымі перасякаўся, нават за межамі. І такія сустрэчы заўсёды прыемныя…

– Калі б Вам была дадзена магчымасць выбраць свой прафесійны шлях наноў…

– Дык я зноў выбраў бы гэты. У іншай прафесіі сябе ўжо не ўяўляю…

Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Галерея изображений

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс