У пачатку мая касманаўт Алег Навіцкі, які крыху больш за месяц таму чацвёрты раз пабываў на арбіце, прыехаў у Чэрвень. У адзін з дзён ён завітаў у другую чэрвеньскую школу, выпускніком якой з’яўляецца. Пасля сустрэчы з вучнямі і педагогамі ён даў інтэрв’ю «Раённаму весніку».
– Алег Віктаравіч, наколькі адрозніваліся Вашы першы, другі, трэці і чацвёрты палёты?
– Кожны палёт мае свае асаблівасці, але аб’ём падрыхтоўкі да ўсіх экспедыцый на арбіту аднолькавы. Першыя тры палёты былі прыкладна падобныя, бо лёталі з прафесійнымі касманаўтамі, доўга рыхтаваліся. Асаблівасцю чацвёртага палёту, у экіпажы з Марынай Васілеўскай і Трэйсі Дайсан, было тое, што на мяне ўскладалася вельмі шмат задач як на камандзіра карабля.
– Што ў першую чаргу падумалі, калі адбылася аўтаматычная адмена пуску?
– Першая думка: добра, што гэта адбылося аўтаматычна і на Зямлі, і што праца аўтаматыкі не дазволіла перарасці сітуацыі ў горшую.
– Адкладзены старт таксама паўплываў на схему стыкоўкі: да МКС давялося ляцець двое сутак замест трох гадзін. Ці цяжка было перабудавацца маральна?
– Не, бо падчас першых двух палётаў стыкоўка ў мяне была менавіта па двухсутачнай схеме і толькі падчас трэцяга – па кароткай. Так што нічога незвычайнага.
– Калі сёлета ваш экіпаж праводзілі ў палёт, кіраўнік «Раскосмасу» Юрый Барысаў сказаў: “Вы там за мужчынам глядзіце, каб ён на ўсе правільныя кнопкі націскаў”. Зразумела, гэта быў жарт. Мабыць, наадварот, ёсць нейкія дадатковыя складанасці, калі ляціш з двума жанчынамі? Тым больш, што Марына Васілеўская не праходзіла поўны цыкл касмічнай падрыхтоўкі…
– Шчыра кажучы, гэты момант я неяк абмінуў увагай… Мабыць, сэнс гэтага выказвання быў у тым, што, шэсць вачэй у любым выпадку лепш, чым два. Што да Марыны, то яна прайшла вельмі добрую падрыхтоўку, і з добрай якасцю. А ўвогуле, у касманаўтаў няма раздзялення на мужчын і жанчын. У нас нават няма асобных нарматываў па фіз-
падрыхтоўцы для жанчын.
– Перадпалётная падрыхтоўка, старт і стыкоўка вашага экіпажу падрабязна асвятляліся прэс-службай “Раскосмасу”. А вось інфармацыі з МКС, калі вы там працавалі, было зусім няшмат. З чым гэта звязана?
– На станцыі Марына запісвала шмат відэа, я таксама. Мы фатаграфаваліся. Уся гэтая інфармацыя адпраўлялася на Зямлю. Але справа ў тым, што ўсе фотаздымкі і відэаматэрыялы праходзяць кантроль на прадмет таго, каб староннім людзям не трапілі на вочы выявы, якія ўтрымліваюць прафесійныя і тэхнічныя сакрэты.
– Ваш чацвёрты палёт атрымаўся непрацяглым. Не шкада, што не было магчымасці затрымацца на станцыі даўжэй?
– Не, бо ўсведамляў, што выконваю працу, якая неабходная на цяперашні момант і прадугледжана праграмай палёту. А працы за гэтыя дванаццаць дзён хапіла. У мяне быў падоўжаны рабочы дзень, які даходзіў часам да дзевяці гадзін. Гэта было звязана са зменай касмічнага карабля для вяртання на Зямлю і пераносам у яго адпаведнага абсталявання.
– Раней Вы разглядалі і фатаграфавалі з космасу родны Чэрвень. Ці ўдалося зрабіць гэта ў сёлетнім палёце?
– Пабачыць, на жаль, не ўдалося. Чэрвень цяжка знайсці на Зямлі, бо ён вельмі маленькі, ды і надвор’е перашкаджала. Але спадзяюся, што наш горад усё ж патрапіў у аб’ектыў пры фатаграфаванні, бо разбору здымкаў я пакуль не рабіў.
– Як бавіце час у Чэрвені?
– Цудоўна! Стасуюся з роднымі і блізкімі. Браты, сёстры прыходзяць у госці, а я – да іх. А яшчэ часта езджу ў Мінск. Адным словам, у мяне такі своеасаблівы маральна-псіхалагічны перыяд рэабілітацыі.
– А ўвогуле настальгія па малой радзіме заўсёдная?
– Ёсць такое адчуванне. Бо тут – родныя і сябры, тут мясціны, дзе нарадзіўся і вырас, адкуль выправіўся ў дарослае жыццё. Заўсёды прыемна прыязджаць у Чэрвень і радавацца пазітыўным зменам, якія адбываюцца ў яго абліччы.
– А што адчуваеце падчас такіх вось наведванняў роднай школы?
– Радасць ад сустрэчы і сум ад таго, што няма ўжо тут маіх настаўнікаў. Цешыць, што школа нядрэнна адрамантаваная і ёсць планы на далейшую яе мадэрнізацыю: тая ж школьная сталовая вельмі патрэбная нашай навучальнай установе.
– Пытанне, якое, мяркую, цікавіць усіх землякоў: пяты палёт будзе?
– Спадзяюся на гэта. Здароўе дазваляе, у планах падрыхтоўкі я ёсць. А тэрміны залежаць ад таго, як складзецца праграма пілатуемых палётаў. Асабіста я разлічваю на новы старт прыкладна ў 2027 годзе.
– Што пажадаеце землякам?
– Ганарыцца сваёй радзімай і ніколі не саромецца, што паходзіце з маленькага гарадка. Шчыра працаваць і вучыцца, каб працягваць несці высокае званне жыхара Чэрвеньшчыны і Беларусі ў цэлым.
Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ

