Звароты чытачоў у рэдакцыю – звычайная справа. Для нас яны – сведчанне таго, што газеце давяраюць, спадзяюцца на падтрымку і дапамогу. Жыхарка аграгарадка Красны Дар Людміла Салазкіна па тэлефоне акрэсліла адразу некалькі праблем, якія турбуюць яе, суседзяў і іншых аднавяскоўцаў. Карэспандэнт “раёнкі” выехаў на месца.
Спачатку Людміла Віктараўна паказала катлаван паблізу былой школы. Паводле яе слоў, яшчэ напрыканцы мінулага года тут прарвала трубу. Аварыю ўхілілі, а яміну толькі крыху прысыпалі. У ёй ужо і смецце з’явілася. Самае ж небяспечнае, што туды хто-небудзь можа выпадкова ўваліцца.
Наступная праблема – стан шасцікватэрнага дома №3 на вуліцы Маладзёжнай, у якім жыве Людміла Салазкіна.
– Наш дом пачаў прасядаць, – кажа яна. – А вы паглядзіце, што ў падвале робіцца!


І сапраўды – лесвіца, якая вядзе ўніз, адсунулася ад пляцоўкі так, што ў шчыліну пралазіць нага, на сцяне бачная характэрная для прасядання трэшчына. А ў самім падвале – вады “па костачку”, што і прадэманстраваў адзін з суседзяў Людмілы Віктараўны, Мікалай Пікулік, абуўшы гумавыя боты.
– І гэта яшчэ не так шмат, – заўважае ён. – Бывае, што вада даходзіць да ніжняй прыступкі. Бульбу і закаткі давялося вышэй падымаць, каб не патанулі.
– Дом наш быў пабудаваны ў 1975 годзе – працягвае Людміла Салазкіна. – Атрымліваецца, што яму ўжо без малога паўстагоддзя, а капітальнага рамонту ні разу не было. У 2022 годзе мы хацелі перавесці кватэры на электраацяпленне, як гэта зрабілі некаторыя вяскоўцы. Але нам сказалі, што не атрымаецца: маўляў, ваш дом у аварыйным стане. Дык хай бы яго афіцыйна прызналі аварыйным і прымалі якія-небудзь меры!
Наракае Людміла Салазкіна і на стан тэрыторыі ля дома:
– Паклалі нам у 2022 годзе новыя трубы на халодную ваду, за нашы ж грошы. Гэта, канешне, цудоўна. Але выкапаную каля ўваходу яміну рабочыя засыпалі пяском, паклалі наверх паламаныя бетонныя пліты і з’ехалі. Пліты аселі, хадзіць дрэнна. А на дарогу ля дома насыпалі пяску, грэйдар пры разраўноўванні памяшаў яго з дзёрнам, дык тут цяпер вясною, восенню і летам пасля дажджу – суцэльнае балота.
Таксама непакоіць мясцовых жыхароў суседні закінуты двухпавярховік – дом №4.

– Са страхам чакаем лета, – уздыхае Людміла Віктараўна. – Прыедуць унукі гарадскія на канікулы – палезуць туды гуляць. Іх, бы магнітам, цягне да небяспечнага будынка. Не хапала яшчэ, каб пакалечыліся..
А яшчэ Людміла Салазкіна падзялілася болем ад таго, што па ініцыятыве сельвыканкама на тэрыторыі насупраць іх дома прыбралі ўсе дрэвы і кусты:
– Там раслі бярозы, бэз, чаромха, каліна, язмін, шыпшына, чорныя парэчкі, а таксама пладовыя дрэвы – яблыні, грушы, вішні, слівы, алыча. Усё зелянела, цвіло, пладаносіла. Спявалі птушкі… А потым прыехалі работнікі Раваніцкага лясніцтва, усё паспілоўвалі, павысякалі і паспальвалі. Хіба так можна было?
Дом №3 на вуліцы Мала-дзёжнай у Красным Дары знаходзіцца на балансе Чэрвеньскай ЖКГ. Як паведаміў на наш запыт яе дырэктар Сяргей Калтовіч, з праблемай аварыйнай лесвіцы, што вядзе ў падвал, мясцовыя жыхары ў камунгас не звярталіся. Тым не менш, на мінулым тыдні ён асабіста выехаў на месца, каб вывучыць сітуацыю, пасля чаго даў наступны каментарый:
– Пры ўваходзе ў падвал няма першай прыступкі. Яе, як высветлілася, не было і пры здачы дома ў эксплуатацыю. Адсюль – шчыліна. Гэтую праблему вырашым. Вада паступае ў падвал з грунту, перыядычна мы яе адкачваем. Грунтавое пакрыццё ля дома павінна аднавіць арганізацыя, якая займалася заменай вадзяных труб – водаправодна-каналізацыйны ўчастак Чэрвеньскага раёна Жодзінскага водаканала. Адпаведнае прадпісанне мы туды накіруем. Што да капітальнага рамонту дома, то ў план на 2021-2025 гады ён не ўключаны. Магчыма, па выніках дэталёвага абследавання жыллёвага фонду, увойдзе ў план на 2026-2030 гады.
Сітуацыю з прыбіраннем дрэў і кустоў насупраць дамоў №3 і №4 пракаментавала старшыня Раваніцкага сельвыканкама Вольга Тарасік:
– Работы выкананы на законных падставах, па ўзгадненню з Чэрвеньскім лясгасам. Такая неабходнасць была выклікана не толькі тым, што там было шмат старых пашкоджаных дрэў, але і тым, што згаданую тэрыторыю мясцовыя жыхары фактычна ператварылі ў сметнік. Шкада, што мы не зрабілі фотаздымкаў, як ўсё выглядала да добраўпарадкавання. Бо распавесці на словах гэта немагчыма…
Што тычыцца дома №4, у якім ніхто не жыве, Вольга Тарасік растлумачыла:
– Гэты дом знаходзіцца на балансе ААТ “Раванічы”. Два-тры разы на год мы робім прадпісанне гаспадарцы наконт таго, каб у будынак не было доступу. Перыядычна яе работнікі нанова прыбіваюць адарваныя з дзвярэй і вокнаў дошкі. Дом плануецца знесці, але пакуль гэта немагчыма зрабіць, бо не ўдаецца знайсці ўласнікаў некаторых кватэр, каб вырашыць з імі маёмасныя пытанні.
А вось праблему незасыпанага катлавана паблізу былой Краснадарскай школы вырашылі даволі хутка. Вольга Тарасік звязалася з кіраўніцтвам водаправодна-каналізацыйнага ўчастка Чэрвеньскага раёна Жодзінскага водаканала. Там растлумачылі, што земляныя работы не атрымалася завяршыць з-за ўмоў надвор’я і паабяцалі зрабіць гэта ў сакавіку. Атрымалася нават хутчэй: як паведаміла Людміла Салазкіна, катлаван засыпалі ўжо на мінулым тыдні.
…Камандзіроўка ў Красны Дар дала глебу для роздуму. Узяць тую ж праблему спілаваных дрэў: погляды на сітуацыю ў жыхароў і сельвыканкама дыяметральна супрацьлеглыя. Пры гэтым, па просьбе згаданага Мікалая Пікуліка, бярозу і елку непадалёк ад дома не зачапілі, бо, паводле слоў Вольгі Тарасік, ля гэтых дрэў падтрымліваўся парадак.
Галоўная выснова, якая напрошваецца: мясцовым уладам і вяскоўцам варта часцей весці жывы дыялог і знаходзіць паразуменне ў канструктыўных дыскусіях. Бо шлях узаемных папрокаў – шлях у нікуды.
Ігар АДАМОВІЧ

