Больш за 150 чалавек з дваццаці калектываў раёна сабрала 23 лютага ў СК «Ігумен» Чэрвеньскай ДЮСШ спартландыя «Будзь першым!».
Удзел у спаборніцтвах бралі каманды райвыканкама, лясгаса, раённай бальніцы, ДРБУ-121, будаўнічага каледжа, раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, вытворча-харчовага завода, аўтапарка №20, філіяла «Мінаблпаліва», тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гімназіі, другой, трэцяй і чацвёртай гарадскіх школ, абодвух дамоў-інтэрнатаў, Чэрвеньскага раёна газазабеспячэння, зборныя сельскіх школ і дзіцячых садкоў.
Як распавялі арганізатары спартыўнага свята, яно было заклікана не толькі прадэманстраваць фізічныя навыкі і здольнасці спартсменаў-аматараў, але і выказаць падтрымку кампаніі па выбарах дэпутатаў усіх узроўняў. На гэта таксама звярнуў увагу падчас урачыстага адкрыцця спаборніцтваў старшыня райвыканкама Уладзімір Навіцкі.
– Сёння тут сабраліся сапраўдныя патрыёты, якія падтрымліваюць адзінства Беларусі і яе росквіт, хварэюць за свой раён, – зазначыў ён.

Падчас спаборніцтваў зала спартыўнага комплексу “Ігумен” гула, як растрывожаны вулей. Кожная каманда апантана падбадзёрвала сваіх, да гучных воклічаў далучалася шматгалоссе балельшчыкаў на трыбуне. У перапынках паміж конкурсамі напал барацьбы падтрымлівалі самадзейныя артысты.

Удзельнікі спартландыі спаборнічалі ў вядзенні баскетбольнага мяча і перадачы яго над галавой, насілі тэнісны шарык на ракетцы, бегалі з заціснутым паміж ног мячом, шукалі свой абутак сярод іншага і апраналі яго на хуткасць, “перавозілі” партнёраў у абручы, скакалі на дальнасць з месца і на скакалцы. Журы было няпроста сачыць за кожным рухам канкурсантаў, але яно са сваёй задачай паспяхова справілася і, падсумаваўшы вынікі, назвала пераможцаў.
Першае месца заняла каманда райвыканкама, другое – спартсмены СШ №4, трэцяе – дружны калектыў лясгаса.


Кубкі і медалі ім уручылі начальнік аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Змачынская, а таксама дырэктар Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа Юрый Корсік, які ў мінулую нядзелю быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання.
Ігар АДАМОВІЧ

