Калі б Таццяне Пятроўне Мукавозчык хтосьці сказаў у цяжкія пасляваенныя гады, што яна пражыве на гэтай зямлі цэлы век, дык нізавошта тагачасная дзяўчына не паверыла б! Бо дужа шмат усялякіх выпрабаванняў ад самага маленства страчалася на яе жыццёвым шляху.
Але ж цудоўным падарункам лёсу стаўся гэты шаноўны юбілей. Акурат на Грамніцы Таццяна Пятроўна адсвяткавала 100-годдзе!
Хату юбіляркі, што месціцца на даўжэзнай вуліцы, можна пазнаць яшчэ здалёк – ля яе стаіць шмат машын, пераважна – з мінскімі нумарамі. А сам вялізны будынак і хатай не назавеш – дом гэта. Дом, дзе на святы збіраецца вялікая дружная сям’я. Вось як 15 лютага, на Грамніцы, на такі значны юбілей гаспадыні.
– Заходзьце-заходзьце! – гасцінна запрашае дачка Таццяны Пятроўны Тамара, з якой мы стэлефаноўваліся напярэдадні. – Мы вас чакаем.
Распранаюся, крочу ў прасторны пакой – і нарэшце бачу шаноўную юбілярку.
У жывых бабуліных вачах свеціцца шчырая цікаўнасць да ўсяго і ўсіх. За вялізным накрытым сталом яна – на самым пачэсным месцы. А змаглі завітаць да яе ў будні дзень на юбілей ажно 20 дарагіх сэрцу людзей! І гэта яшчэ не ўся сям’я была ў зборы! Бо мае Таццяна Пятроўна траіх дзяцей, 6 унукаў, 15 праўнукаў і адну прапраўнучку. І дапаўняецца ж гэтая колькасць яшчэ мужамі-жонкамі…
Ужо шмат гадоў бабуля Таццяна цешыцца іх увагай. Мабыць, гэта і ёсць адна з галоўных прычын, што мае яна сёння 100 гадоў – дзякуючы клапатліваму догляду родных. І такі шаноўны юбілей – як узнагарода за ўсе цяжкія гады, калі, рана страціўшы мужа, жанчына мусіла адна і хату будаваць, і траіх дзяцей гадаваць, і ў калгасе цяжка працаваць, і сваю гаспадарку даглядаць…
І хаця заляцаліся да яе мужчыны-аднавяскоўцы, хацелі мець працавітую жанчыну за жонку, але яна выбрала не асабістае шчасце, а шчасце ўласных дзяцей. А яны цяпер шчодра аддзячваюць ёй за гэта…
І колькі ж сілы, мужнасці, мудрасці, які запас трываласці мела і мае гэтая маленькая худзенькая жанчына, якая практычна ўсе свае 100 гадоў і пражыла ў Гудавічах. Не прывабіла яе, як некаторых равеснікаў, сталіца. Ды і не было часу ў дзяцінстве, юнацтве думаць пра Мінск ці пра вучобу там – у сям’і гадавалася 8 дзяцей. Рана яны страцілі маці, далей адзін тата іх даглядаў-выхоўваў.
Ён і прапанаваў Таццяне адвучыцца на швачку ў швейным цэху ў Смілавічах. Але ўсё ж вымушана яна была праз пэўны час уладкавацца ў калгас. Цялушак даглядала, кароў даіла, на палявыя хадзіла… Калі трохі падраслі двое сыноў і дачка, дык часта бегалі маме дапамагаць.
Чамусьці зараз Таццяне Пятроўне ўсё часцей прыгадваюцца менавіта цяжкасці, няпростыя падзеі ў жыцці краіны – вайна, Чарнобыль… Лёгкіх гадоў не было, кажа. Хаця штосьці і прыемнае ў жыцці здаралася. Але тыя ўспаміны ўспыхваюць цяпер і адлятаюць знічкамі…
Цікаўлюся ў дачкі юбіляркі Тамары, што яны, дзеці, найперш перанялі ад маці.
– Мабыць, дабрыню, – задуменна кажа мая суразмоўца, – адносіны да людзей, уменне спачуваць і суперажываць, прыходзіць на дапамогу таму, хто мае ў ёй асаблівую патрэбу… Мы добра засвоілі ад мамачкі, што трэба дзяліцца, а дзесьці, можа, і апошняе аддаць…У наш час гэта, відаць, дужа дзіўна гучыць. Але ў нас такое выхаванне. Да мамы часта прыходзілі людзі проста па жыццёвую параду. А цяпер і да нас прыходзяць, каб параілі што, падказалі…
Тым часам парог хаты пераступаюць госці з Чэрвеня і Смілавічаў. Павіншаваць шаноўную юбілярку прыехалі прадстаўнікі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” – намеснік старшыні райвыканкама Лідзія Шчацінка і начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Ірына Змачынская, а таксама начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Людміла Шаркова, дырэктар Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Жураўская, старшыня Смілавіцкага сельвыканкама Ірына Марціновіч.
Кветкі, падарункі, шчырыя словы віншаванняў, сардэчныя пажаданні… І сама Таццяна Пятроўна, і яе родныя расчулены і крануты такой увагай.
Ірына Марціновіч, апрача падарунка і цудоўнага букета цюльпанаў, што дыхаюць ужо сапраўднай вясной, прывезла яшчэ і новы пашпарт для юбіляркі. І ўсе, літаральна стаіўшы дыханне, сочаць, як бабуля ў ім распісваецца – сама і, уявіце сабе, без акуляраў! А на заканчэнне гэтага дзеяння гучаць… апладысменты!
– Вы, Таццяна Пятроўна, у нас адзіная 100-гадовая жыхарка ва ўсім сельсавеце! – заўважае Ірына Марціновіч. – А пражывае на тэрыторыі, між іншым, 9 тысяч чалавек, уяўляеце?!
– Ого! – уражваецца бабуля.
А разам з ёю дзівімся і мы.

Уручаючы ў якасці падарунка пасцельную тэрмабялізну, Лідзія Шчацінка шчыра жадае, каб яна сагравала юбілярку. Так, як саграваюць яе сваёй любоўю дзеці, унукі, праўнукі. А паціскаючы руку Таццяне Пятроўне, заўважае:
– О, зірніце, які манікюр!
Не, ну гэта проста цудоўны і кранальны клопат пра тое, каб бабуля выглядала як найлепш! І, відавочна, ініцыятары – жаночая частка сям’і.
Зрэшты, тут літаральна кожны з хатніх клапоціцца, каб Таццяна Пятроўна і ў будні не сумавала. Напрыклад, дачка Тамара са смехам распавяла, як малыя дзеці вучаць бабулю гуляць у навамодную гульню. І тая асвойвае!
– Вы сапраўды заслужылі гэтае свята, – пацвярджае думкі многіх з прысутных Людміла Шаркова. – А з такімі дзецьмі, унукамі ды праўнукамі можна ж і далей жыць, праўда?!
– Так-так! – пагаджаецца юбілярка.
А затым дзякуе Вользе Жураўскай, якая, уручаючы кветкі і падарункі, заўважае, што 100-гадовая бабуля – прыклад для ўсіх нас.
Сапраўды, менавіта на такіх простых, сціплых сялянскіх жанчынах, шчырых працаўніцах, любячых маці, цудоўных гаспадынях і трымаецца гэты свет. Трымаецца вёска, трымаецца сям’я. І як жа важна не згубіць тую жыццёвую мудрасць, якая перадаецца ад іх з пакалення ў пакаленне. Не страціць дабрыні і веры ў людзей. Умець прыйсці на дапамогу тым, каму гэта вельмі-вельмі патрэбна.
І ці не таму альбо Бог, альбо лёс, альбо якіясьці вышэйшыя сілы даюць гэткую магчымасць, дасылаючы людзям доўгі жыццёвы век…
Святлана АДАМОВІЧ

