– Разам з нашымі бабулямі і дзядулямі паступова сыходзіць традыцыйная народная спадчына: паданні, казкі, гульні і абрады, – кажа куратар «Факела» Таццяна Гамеза. – Цяперашняе пакаленне школьнікаў ужо мала што ведае пра лакальную нематэрыяльную культуру, напрыклад, пра этнічныя гульні. Гаворка ідзе аб забавах, гульнявых абрадах, якія ладзілі менавіта на Ігуменшчыне. Элементы фальклору паступова забываюцца, бо застаецца ўсё менш іх носьбітаў…
У даследчай дзейнасці сябры клуба “Факел” практыкуюць метад “працы на вуліцы”. І тут яны сутыкаюцца з праблемай: жыхары Чэрвеньшчыны не ведаюць мясцовых гульняў, якімі забаўляліся іх продкі. Юныя даследчыкі хочуць знайсці хаця б элементы такіх гульняў. Таму Таццяна Гамеза просіць адгукнуцца тых, хто можа дапамагчы, патэлефанаваўшы на нумар +375 29 555 78 89.
Школьнікі цесна супрацоўнічаюць са старшым навуковым супрацоўнікам Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Ірынай Вабішчэвіч, вывучаюць работы мясцовых краязнаўцаў і этнографаў. Ім ужо ўдалося акрэсліць некалькі накірункаў, па якіх будуць працаваць, і знайсці мясцовых экспертаў па фальклоры.

Юныя даследчыкі знаёмяцца з носьбітамі фальклору на іх тэрыторыі. У прыватнасці, яны пабывалі з экспедыцыяй у вёсцы Горкаўская Слабада, дзе сустрэліся з загадчыкам сектара фальклору і традыцыйнай культуры раённага Цэнтра культуры і адпачынку Таццянай Савонавай і спецыялістам Ірынай Маркушэўскай. Школьнікі наведалі этнаграфічны пакой, паўдзельнічалі ў майстар-класе па працы на ткацкім станку. Ірына Маркушэўская распавяла шмат цікавага з гісторыі тутэйшых мясцін. А напрыканцы сустрэчы школьнікам прапанавалі прадэгуставаць дранікі па арыгінальнаму мясцоваму рэцэпту.
Эксперт па фальклоры з Горкаўскай Слабады таксама паказала дзве народныя гульні, у якія гуляюць у іх вёсцы. Зараз удзельнікам экспедыцыі трэба будзе прааналізаваць, ці сапраўды гэтыя гульні самабытныя. Калі яны акажуцца характэрнымі менавіта для гэтай мясцовасці, вучні пачнуць іх даследаваць.
Сябры клуба “Факел” ужо запланавалі экспедыцыі ў вёску Іванічы і гарадскі пасёлак Смілавічы. У далейшым даследчыкі самі стануць носьбітамі мясцовых народных гульняў: будуць паказваць іх на мерапрыемствах у школе і на гарадскіх фальклорных святах. Таксама ў планах – арганізаваць рэкламную кампанію па прасоўванню накірунку мясцовых народных забаваў.
Праект “З гульнёй – праз стагоддзі” завершыцца рэспубліканскім дзіцячым гульнявым форумам у Зімовым універсітэце клубаў ЮНЕСКА, які пройдзе ў Слуцку.
Галіна АКБАЛ. Фота Таццяны Гамеза.

