На працягу ўсяго фэсту можна было паласавацца беларускімі стравамі і прысмакамі. Пачастункі перамяжоўваліся з віктарынамі пра бульбу і гісторыю тутэйшых мясцін.

Удалым аздабленнем свята сталі шыкоўная мастацкая кампазіцыя з новага ўраджаю “Дарункі восені”, пляцоўка “Гульнявы падворак”, выставы-інсталяцыі з падручнага матэрыялу. Прыемна было пазнаёміцца з вырабамі мясцовых жыхароў і набыць патрэбныя рэчы. Тут былі і ўпрыгажэнні з бісеру, і вырабы з ласкутоў, і травяныя чаі ад Васілінкі, і мёд ад Андрэя Баброўскага. У памяшканні бібліятэкі працавала выстава чайнікаў і самавараў розных часоў. А жыхарка Грабянца Алена Валасянкова-Галкіна наладзіла дэгустацыю чаю з лісця вішні, маці-мачахі, донніку і пялёсткаў ружы… Яе дачушка Васіліса прадставіла выставу-вернісаж сваіх малюнкаў з краявідамі роднага краю.

Сярод гасцей была і старшыня Чэрвеньскага сельвыканкама Наталля Свірыдовіч, якая брала самы непасрэдны ўдзел у арганізацыі “Бульбафэсту”. Адзначаць свята бульбы стала для Грабянца ўжо добрай традыцыяй. Пра гэта нагадала фотавыстава, на якой размясцілі здымкі з “Бульбафэсту” за папярэднія тры гады.
Галіна НІЦІЕЎСКАЯ, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі

