У Смілавічах адбылося ўрачыстае мерапрыемства ў рамках рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод». Яго наладзіў райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Шчырыя словы ўдзячнасці жывёлаводам раёна, якія сабраліся ва ўтульнай зале гасцёўні, выказала старшыня гэтай арганізацыі Ларыса Бандаровіч.
– Мы заўважаем і цэнім працу кожнага з вас, – адзначыла яна. – Нізкі вам паклон.
– Быць жывёлаводам няпроста, – падкрэсліў у сваім выступленні першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Дзмітрый Хайноўскі. – Трэба рана прачнуцца і позна пакласціся спаць. Жывёла – не станок на заводзе: нельга націснуць кнопку “выключыць” і пайсці, а потым вярнуцца, уключыць – і яна зноў будзе даваць малако, прывагі. Прадукцыя, якую мы атрымліваем на фермах – вынік вашага клапатлівага стаўлення да сваіх гадаванцаў. Дзякуючы высокай якасці, вырабы з яе запатрабаваныя не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі…
Выступоўца таксама распавёў аб тым, што апошнім часам у раёне робяцца актыўныя крокі па мадэрнізацыі жывёлагадоўчай вытворчасці, накіраваныя ў тым ліку і на паляпшэнне ўмоў працы людзей, якія ў ёй занятыя. У прыватнасці, пабудаваны новы малочнатаварны комплекс ў эксперыментальнай базе “Натальеўск”, будуецца – у ААТ “Чэрвеньскі райаграсервіс”. Новае жывёлагадоўчае памяшканне з’явіцца на МТК “Турэц” ААТ “10 з’езд Саветаў”. На чарзе – тэхнічнае пераўзбраенне галіны ў ААТ “Запольскае”, КСУП “Валевачы” і ААТ “Раванічы”.
За шматгадовую працу ў галіне жывёлагадоўлі, добрасумленнае стаўленне да выканання сваіх абавязкаў і адданасць абранай прафесіі Дзмітрый Хайноўскі ўручыў Удзячныя лісты райсельгасхарчу і райкама прафсаюза работнікаў АПК, а таксама каштоўныя падарункі заатэхніку-селекцыянеру Наталлі Шатэрнік, ветэрынарнаму фельчару Ірыне Юшко і аператару па вырошчванню свіней Дзіне Чартковай з ЗАТ ”Турэц”, загадчыцы склада Таццяне Нікіфаравай, прыбіральшчыцам жывёлагадоўчых памяшканняў Веры Сарока і Галіне Забаўскай з філіяла “Агра-Бокс” СП “Унібокс”, жывёлаводу Аляксандру Марціновічу, аператарам машыннага даення кароў Ларысе Жыцкай і Ірыне Еўтуховіч з ААТ “10 з’езд Саветаў”, аператару машыннага даення кароў Алене Валчок, жывёлаводам Мікалаю Андрэйчыку і Івану Бойку з ААТ “Запольскае”, жывёлаводам Марыне Душэўскай, Алене Лісіцы і Валянціне Камейка з КСУП «Валевачы», брыгадзіру малочнатаварнай фермы Веры Смолкінай, жывёлаводам Алене Мурашка і Аксане Карпенка з ААТ “Чэрвеньскі райаграсэрвіс”, жывёлаводам Таццяне Балашэвіч, Анастасіі Бубенка і Але Дрожжа з эксперыментальнай базы “Натальеўск”, жывёлаводам Святлане Пянкрат, Алене Маславай і аператару машыннага даення кароў Ірыне Верамейчык з ААТ “Раванічы”.
Мерапрыемства прадоўжылася невялікім канцэртам. Творы Станіслава Манюшкі выканалі навучэнцы Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў Ашыл Рэзаі, Сафія Свядыш, Лізавета Гоман, Сафія Кавалевіч, Ксенія Хмяльніцкая і дырэктар установы Галіна Прышывалка.
А потым цікавымі звесткамі пра жыццё і творчасць нашага славутага земляка-кампазітара падзялілася навуковы супрацоўнік Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Ірына Серада.
Напрыканцы жывёлаводы зрабілі памятныя здымкі на сцэне ля раяля і падзяліліся ўражаннямі ад пабачанага і пачутага.
Вера Смолкіна, брыгадзір МТФ «Ачыжа» ААТ “Чэрвеньскі райаграсервіс”:
– Вельмі ўсё спадабалася. Прыемна, што нас не забываюць. Я ўжо амаль чвэрць стагоддзя ўзначальваю ферму. Зараз сумяшчаю клопаты брыгадзіра з доглядам за цялятамі, таму на ўласныя рукі ведаю, наколькі няпростая праца жывёлавода.
Адметна, што падобныя сустрэчы даюць магчымасць узбагаціцца духоўна. Летась я ўдзельнічала ў абласным мерапрыемстве акцыі “Наш жывёлавод”, і мы наведвалі сабор ў Мінску. Сёлета ў гасцёўні Станіслава Манюшкі з задавальеннем дакранулася да чароўнага свету музычнага мастацтва.
Таццяна Нікіфарава, загадчыца склада філіяла “Агра-Бокс” СП “Унібокс”:
– Запрашэнне на акцыю было для мяне крыху нечаканым, бо непасрэдна не працую з жывёлай: пад маёй адказнасцю – камбікорм, запчасткі да тэхнікі, якая абслугоўвае ферму, і яе запраўка. Але кіраўніцтва гаспадаркі вырашыла, што мой унёсак таксама варты таго, каб быць адзначаным на раённым узроўні. Дзякуй яму і арганізатарам мерапрыемства!
Алена Лісіца, жывёлавод МТФ “Чарнаградзь“ КСУП “Валевачы”:
– Вельмі цікавы і незвычайны фармат мерапрыемства. Мы не толькі добра адпачылі, але і мелі магчымасць пагутарыць з калегамі, параўнаць іх і свае ўмовы працы і заробкі.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара